Мінскую ветклініку абавязалі выплаціць больш за 22 тыс. рублёў пасля гібелі шпіца
30 кастрычніка, Позірк. Ветэрынарная клініка ў Мінску павінна выплаціць гаспадыні памеранскага шпіца, які загінуў падчас аказання медыцынскіх паслуг, 11,3 тыс. рублёў кампенсацыі і яшчэ 10,75 тыс. рублёў штрафу, паведамляе Вярхоўны суд.
Такое рашэнне прыняў суд Заводскага раёна Мінска, яго пакінула ў моцы апеляцыйная інстанцыя Мінскага гарадскога суда.
Як вынікае з паведамлення суда, жанчына набыла сабаку ў красавіку 2024 года за 2.700 долараў. У чэрвені яна звярнулася ў ветклініку для артадантычнага лячэння — устаноўкі дыстальнай цягі. Замест гэтага ёй прапанавалі зрабіць рэнтген зубоў і выдаліць часовы ікол верхняй сківіцы.
Падчас аказання гэтых паслуг сабака памерла. Праведзенае ў іншай клініцы анатаміраванне паказала, што прычынай смерці стала вялікая страта крыві з-за разрыву печані.
Суд прызнаў, што ветэрынарныя паслугі былі нададзеныя неналежным чынам. У прыватнасці, перад агульнай анестэзіяй спецыялісты не правялі дбайнае абследаванне жывёлы, не ацанілі анестэзіялагічныя рызыкі і не забяспечылі неабходную перадаперацыйную падрыхтоўку.
Клініка сцвярджала, што сабака паступіў да яе ўжо з пашкоджаннем печані, аднак суд палічыў гэтыя довады недаказанымі.
З клінікі спагнана 8.753,67 рубля — кошт сабакі, 2.000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 580 рублёў выдаткаў на анатаміраванне. Акрамя таго,за адмову добраахвотна задаволіць патрабаванні спажыўца прызначаны штраф у памеры 10.753,67 рубля. 10% гэтай сумы (1.075,37 рубля) будзе пералічана грамадскаму аб’яднанню абароны спажыўцоў, астатняе — у мясцовы бюджэт.
Гаспадыня таксама патрабавала пакрыць 1.420 рублёў за дастаўку сабакі з Кыргызстана і выплаціць двухразовы кошт жывёлы. Суд адмовіў у гэтых патрабаваннях. Выдаткі на транспарціроўку не былі звязаныя непасрэдна з аказаннем ветэрынарнай паслугі, а падстаў для спагнання двайны кошту сабакі суд не выявіў.
Клініка і грамадскае аб’яднанне абскардзілі рашэнне, аднак судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пакінула яго без змены. Рашэнне набыло моц.
1 чэрвеня паведамлялася, што пракуратура Бабруйска (Магілёўская вобласць) выявіла парушэнні заканадаўства ў дзейнасці спецыялізаванага прадпрыемства пры адлове, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёл. Яны тычыліся кадравага забеспячэння, навучання работнікаў і аснашчэння іх неабходнай колькасцю прылад для лоўлі жывёл.
У прыватнасці, пасада ветэрынарнага лекара працяглы час была вакантная, у сувязі з чым “папярэднія агляды жывёл не ажыццяўляліся, сутачная норма кармлення жывёл не разлічвалася, не заўсёды праводзіліся неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы“.
Таксама ўстаноўлена, што “кідальных прылад, прызначаных для дыстанцыйнага ўвядзення фармакалагічных прэпаратаў з мэтай абезрухоўлівання або ўсыплення жывёл, на прадпрыемстве не мелася”. Навучанне па абыходжанні са спецыяльнымі стрэльбамі для адлову падазраваных у шаленстве жывёл лаўцы не праходзілі.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- ЭканомікаЗа тры кварталы звольнена на 5,3% работнікаў больш, чым прынята на працу (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаСярэдні кошт кватэр на першасным рынку жылля за год павялічыўся на 5,6%, другасным — на 13,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка

