Мінск 12:52

КДК выявіў завышэнне каштарысаў на 640 тыс. рублёў пры будаўніцтве сельгасаб’ектаў у Гомельскай вобласці

Ілюстрацыйнае фота: Diego San / unsplash.com

20 кастрычніка, Позірк. Завышэнне каштарысаў на 640 тыс. рублёў пры будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў у Гомельскай вобласці выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праверкі дакументацыі, звязанай з рэалізацыяй дзяржаўнай праграмы “АПК будучыні” на 2026–2030 гады.

У прыватнасці, паводле інфармацыі прэс-службы КДК, у лакальныя каштарысы на будаўніцтва свінагадоўчага комплексу ў Мазырскім раёне былі ўключаныя жалезабетонныя вырабы “з завышанай у 1,7 раза апорнай здольнасцю”, праз што аб’ект падаражэў амаль на 500 тыс. рублёў. Каштарысы скарэктавалі пасля ўмяшання кантралёраў, залішне пералічаныя генеральнаму падрадчыку сродкі цалкам вернутыя замоўцу.

Акрамя таго, выяўлена завышэнне кошту работ па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы ў Петрыкаўскім раёне. Высветлілася, што колькасць муравачнага раствору, уключанага ў каштарыс, была ў 1,2 тыс. разоў большай за неабходную. На патрабаванне абласнога КДК каштарысны кошт рэканструкцыі быў зменшаны на 140 тыс. рублёў, што “дазволіла прадухіліць неабгрунтаванае марнаванне бюджэтных сродкаў”.

30 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Камітэт дзяржкантролю мае прэтэнзіі да паловы праектаў ініцыятывы “Адзін раён — адзін праект” (109 з 217).

“Урад справаздачыцца па агульным пераліку праектаў, не ўнікаючы ў сутнасць як мае быць, — сказаў ён. — Таму нямала ўключаных у пералік фармальна, а ўся праца вядзецца толькі на паперы. Маюцца запланаваныя да рэалізацыі за кошт уласных або пазыковых сродкаў і без трапляння ў гэты спіс”.

У якасці прыкладу спікер прывёў узвядзенне транспартна-лагістычнага цэнтра ў Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) і арганізацыю вытворчасці катанізаванага льновалакна ў Ляхавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць).

Акрамя таго, паводле яго слоў, КДК адзначае факты, калі ў “пералік уносіліся праекты, якія даўно рэалізуюцца або ўжо амаль гатовыя — то бок літаральна на фінішнай прамой”.

Падзяліцца: