Мінск 11:44

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцтвам ПА НАТО пагрозы з тэрыторыі Беларусі, ціск на ВПК, вызваленне палітвязняў

Фота ў тэлеграм-канале Ціханоўскай

13 кастрычніка, Позірк. Сітуацыю з бяспекай ў рэгіёне і ў Беларусі, мілітарызацыю краіны і пагрозы з беларускай тэрыторыі абмеркавала з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі НАТО дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Прэс-служба палітыка паведаміла 13 кастрычніка, што сустрэча з прэзідэнтам ПА НАТО, віцэ-спікерам парламента Партугаліі Маркушам Перэштрэлу і генеральным сакратаром арганізацыі Бенедэтай Берці адбылася падчас Варшаўскага форуму па бяспецы.

Бакі абмеркавалі “ціск на беларускі вайсковы-прамысловы комплекс і прадпрыемствы, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны”, а таксама “пашырэнне супрацы беларускіх дэмсіл з ПА НАТО”, “вызваленне беларускіх палітвязняў”.

“Ціханоўская распавяла пра ўжо наладжаную супрацу з парламенцкімі асамблеямі АБСЕ і Савета Еўропы, а таксама з Паўночным саветам, — гаворыцца ў паведамленні. — Яна адзначыла зацікаўленасць у далейшай супрацы з ПА НАТО, перад якой раней ужо двойчы выступала”.

Палітык перадала Перэштрэлу даклад арганізацыі BelPol пра мілітарызацыю Беларусі.

Па выніках сустрэчы Ціханоўская заявіла, што для доўгатэрміновай бяспекі ў рэгіёне “неабходныя сістэмныя дэмакратычныя змены ў Беларусі”. Беларусь, паводле яе слоў, “павінна перастаць быць крыніцай пагрозы” для Украіны, сваіх суседзяў, краін НАТО.

“Важна працягваць і ўзмацняць санкцыі супраць беларускага вайскова-прамысловага комплексу і прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны. Пры гэтым трэба памятаць, што многія беларусы выступаюць супраць вайны, падтрымліваюць Украіну і зазнаюць за гэта рэпрэсіі. Вельмі важна адрозніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, — падкрэсліла дэмлідар.

BelPol: Уцягванне Беларусі ў вайну не патрабуе разгортвання маштабнага кантынгенту

13 кастрычніка, Позірк. Мілітарызацыя Беларусі не з'яўляецца натуральным адказам на вонкавыя пагрозы, гэта вынік свядомага курсу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які “паставіў дзяржаўныя інстытуты і тэрыторыю краіны на службу расійскай вайсковай стратэгіі“, гаворыцца ў тэматычным дакладзе арганізацыі BelPol, апублікаваным 12 кастрычніка. …
Падзяліцца: