Мінск 16:12

16-гадовы закладчык асуджаны ў Бабруйску на 8 гадоў зняволення

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

12 кастрычніка, Позірк. Суд у Бабруйску (Магілёўская вобласць) прыгаварыў былога навучэнца каледжа на 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі, паведамляе Генеральная пракуратура.

Падлетак прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

З абвінавачанага спагнаныя ў даход дзяржавы сродкі, атрыманыя злачынным шляхам, у памеры больш за 4,8 тыс. рублёў, а таксама мабільныя тэлефоны iPhone 11, iPhone 13 і Samsung Galaxy A40, якія з’яўляліся “сродкам здзяйснення злачынства”.

Паводле звестак следства, жыхар Оршы (Віцебская вобласць) у красавіку 2026 года ў кампаніі сяброў паспрабаваў псіхатропнае рэчыва. Праз некаторы час падлетак па месенджары “ўступіў у перапіску з куратарам наркашопа і даў згоду на працаўладкаванне ў якасці закладчыка”.

“Прадстаўнік “службы бяспекі” інтэрнэт-крамы растлумачыў яму меры засцярогі, пасля чаго малады чалавек атрымаў каардынаты схованкі з вялікім аб’ёмам псіхатропных рэчываў — альфа-PVP і мефедрона. Закладкі падлетак размяшчаў паштучна і фіксаваў месца іх размяшчэння з дапамогай прыкладанняў. Звесткі пра гэта перадаваў свайму куратару з наркашопа. Супрацьпраўную дзейнасць абвінавачаны ажыццяўляў на тэрыторыі Бабруйска, Аршанскага і Бабруйскага раёнаў, пакуль у сярэдзіне чэрвеня 2026 года яго не затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля затрымання падлетак добраахвотна выдаў свае тэлефоны і інфармацыю аб зробленых закладках — выяўленыя і канфіскаваныя 233 скруткі з псіхатропнымі рэчывамі масай больш за 289 грам.

У судзе фігурант прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Паведаміў, што хацеў “не толькі зарабіць грошы на матацыкл і іншыя патрэбы, але і мець забароненыя рэчывы для асабістага спажывання”.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першае паўгоддзе 2026 года за злачынствы супраць “грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва” асуджаныя 22 падлеткі, з іх 19 — за злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў паводле арт. 327–331, 332 КК.

У 2025 годзе 51 непаўнагадовы асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту, 17 — без мэты збыту.

Падзяліцца: