Польшча выправадзіла дзевяцярых беларусаў, абвінавачаных у нелегальнай вытворчасці цыгарэт

12 кастрычніка, Позірк. Дзевяць грамадзян Беларусі прымусова выправаджаныя на мінулым тыдні з Польшчы, паведаміла Памежная ахова краіны.
Паводле звестак памежнай службы, беларусы працавалі на нелегальнай вытворчасці тытунёвых вырабаў. Яны абслугоўвалі лініі па вытворчасці цыгарэт, якія затым паступалі ў абарот без польскіх акцызных марак.
Расследаванне ў дачыненні да гэтых асоб вялося ў Гданьску. Ім прад’явілі абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.
Пасля выправаджэння дзевяцярым беларусам на сем гадоў забаронены ўезд у Польшчу і іншыя краіны Шэнгенскай зоны.
11 верасня 2026 года паведамлялася аб дзесяці грамадзянах Беларусі, абвінавачаных ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, якая займалася нелегальнай вытворчасцю цыгарэт у Польшчы. Аб ліквідацыі лініі па нелегальнай вытворчасці цыгарэт паведаміла Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы (НПА).
Справа была распачатая ў сакавіку 2026 года пасля атрымання інфармацыі аб пераабсталяваным пад нелегальную вытворчасць цыгарэт цэху ў вёсцы Паўліцы Квідзынскага павета Паморскага ваяводства.
НПА адзначала, што 22 сакавіка супрацоўнікі Памежнай аховы спынілі і абшукалі аўтамабіль Citroen Jumper, які выязджаў са згаданага цэха. У грузавым адсеку яны выявілі цыгарэты без акцызных марак. Усяго было канфіскавана 75 тыс. пачкаў, або 1,5 млн цыгарэт.
Следства выявіла, што ў Паўліцы дзейнічала арганізаваная злачынная група, мэтай якой была нелегальная вытворчасць і продаж тытунёвых вырабаў без польскіх акцызных марак. Цыгарэты былі маркіраваныя падробленымі таварнымі знакамі кампаніі Philip Morris Brands, зарэгістраванай у Швейцарыі.
Паводле паведамлення пракуратуры, у выніку ператрусу нелегальнай фабрыкі супрацоўнікі Памежнай аховы выявілі і канфіскавалі, у прыватнасці, “поўную лінію па вытворчасці цыгарэт і поўную лінію па іх упакоўцы”. Таксама былі канфіскаваныя машыны для нарэзкі і сушкі тытуню.
Акрамя таго, канфіскавана больш за 3 тоны вытворчых адходаў тытуню, больш за 4 млн цыгарэт, больш за 4,7 тоны курыльнага тытуню, больш за 12 тон тытунёвай сыравіны, больш за 30 тон гатовых да перавозкі упакаваных цыгарэт, больш за 18,4 млн цыгарэтных фільтраў, больш за 6,1 тоны рулоннай паперы для вытворчасці цыгарэтных фільтраў, больш за 7,7 тоны рулоннай паперы для вытворчасці цыгарэт, больш за 6,1 тоны клею на воднай аснове для склейвання цыгарэт.
5 кастрычніка паведамлялася, што за першыя 40 тыдняў 2026 года на патрабаванне польскіх уладаў краіну пакінулі не менш за 809 грамадзян Беларусі: не менш за 758 добраахвотна і мінімум 51 прымусова. Усяго за гэты перыяд Польшчу пакінулі каля 7,7 тыс. чалавек.
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы з пачатку года падаражэлі на 11,2% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаУ жніўні Беларусь была на трэцім месцы ў ЕАЭС па дынаміцы цэн на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства

