Мінск 19:49

У Вільні затрымана двое мужчын з 3 тыс. пачкаў цыгарэт, дастаўленых з Беларусі паветраным шарам

4 лістапада, Позірк. Аб затрыманні двух жыхароў Вільнюса, якія падазраюцца ў датычнасці да кантрабанды цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў, паведаміла 4 лістапада Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

У ноч на 2 лістапада супрацоўнікі крымінальнай выведкі САДМ сумесна з падраздзяленнем спецыяльнага прызначэння “Ковас“ спынілі на Заходняй аб’язной дарозе Вільнюса пазадарожнік Jeep Grand Cherokee з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі “для праверкі інфармацыі аб незаконнай перавозцы падакцызных тавараў на паветраных шарах“.

Аўтамабілем кіраваў 42-гадовы жыхар сталіцы, пасажырам быў 24-гадовы мужчына, які таксама пражывае ў Вільнюсе.

У багажніку памежнікі выявілі шэсць кардонных каробак з лагатыпам гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман“. У кожнай знаходзілася 500 пачкаў цыгарэт Minsk 5 Superslims з беларускімі акцызнымі маркамі.

Агульны кошт канфіскаваных 3 тыс. пачкаў цыгарэт з улікам абавязковых падаткаў у Літве перавышае 16,5 тыс. еўра.

Вільнюскі памежны атрад САДМ пад кіраўніцтвам пракурора акруговай пракуратуры пачаў дасудовае расследаванне па факце незаконнага абароту падакцызных тавараў.

За падобнае злачынства прадугледжаны штраф альбо пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Абодва падазраваных пасля допыту адпушчаныя пад пісьмовае абавязацельства не выязджаць за межы горада.

Падзяліцца: