Мінск 12:14

У Мінску аўтамабіль урэзаўся ў іншую машыну, якую кіроўца рамантаваў проста на дарозе

Відэазапіс: УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

4 лістапада, Позірк. Аб сутыкненні двух аўтамабіляў “Фальксваген” увечары 3 лістапада на вуліцы Арлоўскай у беларускай сталіцы паведаміла УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Мяркуючы з апублікаванага відэазапісу, адзін з кіроўцаў рамантаваў свой аўтамабіль непасрэдна на праезнай частцы, не выставіўшы знак аварыйнага прыпынку, як таго патрабуюць Правілы дарожнага руху. У гэты момант у машыну ўрэзаўся іншы аўтамабіль.

У выніку ДТЗ адзін з кіроўцаў (найхутчэй той, хто рамантаваў аўтамабіль) быў дастаўлены ў медыцынскую ўстанову для абследавання.

На месцы працавалі супрацоўнікі ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска і следча-аператыўная група ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Прычыны і абставіны аварыі высвятляюцца.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадала, што пры ўзнікненні перашкоды або небяспекі для руху кіроўца абавязаны неадкладна знізіць хуткасць, пры неабходнасці да поўнага прыпынку.

Падзяліцца: