Саўладальнік тэрмінала ў Клайпедзе лічыць, што беларускі калій не зможа замяніць канадскі на рынку ЗША

3 лістапада, Позірк. Беларускія калійныя ўгнаенні наўрад ці змогуць стаць рэальнай альтэрнатывай канадскай прадукцыі на рынку ЗША, такое меркаванне выказаў саўладальнік кампаніі Birių krovinių terminalas (BKT) — аператара тэрмінала сыпкіх грузаў у Клайпедскім порце (Літва) Ігар Удавіцкі.
Разважанні прадпрымальніка на гэты конт, выкладзеныя на яго старонках у сацыяльных сетках, прыводзіць літоўскае выданне VE.lt. Паводле ацэнкі Удавіцкага, нават сукупныя магутнасці вытворцаў Беларусі, Расіі і Германіі дазволілі б пакрыць толькі 30–35% патрэбаў амерыканскага рынку. Пры гэтым ЗША патрэбны пэўны від калійных угнаенняў, якога, паводле слоў саўладальніка BKT, у свеце і так не хапае.
Для поўнай замены канадскіх паставак беларускай прадукцыяй, лічыць ён, спатрэбілася б каля дзесяці гадоў і прыкладна 1,5 млрд інвестыцый (валюту выданне не ўдакладняе). Вытворцам пры гэтым давялося б адмовіцца ад іншых важных рынкаў і засяродзіцца на ЗША.
Беларускі калій, на думку Удавіцкага, мог бы стаць для ЗША дадатковай крыніцай паставак і знізіць залежнасць ад Канады, у прыватнасці на выпадак забастовак або перабояў з перавозкамі. У паўднёвых штатах, напрыклад у Місісіпі, беларускія ўгнаенні маглі б мець перавагу ў цане. У так званы “кукурузны пояс” ЗША, паводле яго ацэнкі, канадскую прадукцыю было б хутчэй і танней дастаўляць па чыгунцы.
Удавіцкі лічыць, што для закупак беларускага калію ЗША могуць абысціся без інфраструктуры Літвы і іншых краін Балтыі. “Ужо цяпер праз Расію экспартуецца больш за 12 млн тон беларускіх калійных угнаенняў на год, а 1 млн тон для ЗША можна было б без цяжкасцяў перавозіць праз Санкт-Пецярбург”, — адзначыў ён.
Цікавасць ЗША да беларускіх угнаенняў Удавіцкі тлумачыць таксама імкненнем узмацніць уплыў на рынак паставак калію як стратэгічнай сыравіны.
Аднаўленне транзіту праз Літву прадпрымальнік лічыць малаверагодным у тым ліку з прававых прычын. Ён нагадаў, што літоўскі ўрад спыніў перавозку беларускага калію з 1 лютага 2022 года, прызнаўшы дагавор паміж “Літоўскімі чыгункамі” і “Беларуськаліем” не адпаведным інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Дагавор быў падпісаны ўвесну 2018 года і меўся дзейнічаць да канца 2023-га.
Паводле сцвярджэння Удавіцкага, Вільнюс тады праігнараваў міжурадавае пагадненне ад 3 красавіка 2000 года аб транзіце беларускіх грузаў праз літоўскія парты ды іншую транспартную інфраструктуру. Ён таксама спаслаўся на пагадненні Літвы з Беларуссю і Швейцарыяй аб абароне інвестыцый. Паводле яго ацэнкі, прававых падстаў для аднаўлення ранейшай схемы транзіту цяпер няма.
21 верасня амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што ЗША “працуюць над буйной здзелкай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі”. “Цана будзе істотна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча”, — адзначыў палітык.
Раней у той дзень Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім заявіў, што Мінск не можа паставіць у ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаенняў, бо вырабленая прадукцыя ўжо звязаная кантрактамі на гэты год з іншымі краінамі.
Пасля стала вядома, што яшчэ 15 верасня Беларуская калійная кампанія пагрузіла 30 тыс. тон грануляванага хлорыстага калію (MOP) на судна пад сцягам Маршалавых Астравоў у расійскім порце Бронка ў Санкт-Пецярбургу. 14 кастрычніка судна мелася прыбыць у порт Новага Арлеана.
22 кастрычніка пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў пацвердзіў, што груз “ужо знаходзіцца ў порце Новага Арлеана”, “цалкам прайшоў мытнае афармленне і прыняты як беларускі прадукт”. Ён таксама анансаваў новую пастаўку калію ў ЗША.
13 студзеня 2025 года кампанія Hasenberg, якая належыць праз пасярэднікаў грамадзяніну Літвы Ігару Удавіцкаму, ініцыявала міжнародны арбітраж супраць літоўскай дзяржавы за спыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў.
Зарэгістраванай у Швейцарыі кампаніі Hasenberg належыць 65% акцый ВКТ, яшчэ 5% валодае непасрэдна Удавіцкі. Астатнія 30% належаць “Беларуськалію”. Удавіцкі таксама з’яўляецца бенефіцыярам зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае, у сваю чаргу, 100% акцый кампаніі Hasenberg.
Кампанія Удавіцкага, як заявілі літоўскія СМІ, мела намер даказаць у судзе, што санкцыі ЕС у гэтым выпадку несапраўдныя, бо паміж Швейцарыяй і Літвой дзейнічае двухбаковае пагадненне аб заахвочванні інвестыцый і іх узаемнай абароне.
30 кастрычніка прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што Вашынгтон не чыніць ціск на Вільнюс з мэтай аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Клайпедскі порт.
Паводле слоў кіраўніка літоўскага ўрада, Вільнюс самастойна вызначае сваю палітыку і не плануе яе пераглядаць, “разумее як пагрозы, так і прычыны” ўвядзення абмежаванняў супраць Мінска.
Пра тое, што адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа працягвае чыніць ціск на Літву ў пытанні транзіту беларускага калію праз Клайпедскі порт, нягледзячы на еўрапейскія санкцыі, выданне Politico паведаміла 29 кастрычніка.
Як адзначалася ў публікацыі, гэта робіцца з той прычыны, што ЗША імкнуцца знізіць залежнасць ад Канады ў дачыненні да гэтага крытычна важнага інгрэдыента ўгнаенняў і дапамагчы знізіць выдаткі амерыканскіх фермераў.
Паводле слоў чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў, на якіх спасылаецца выданне, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл апошнімі тыднямі прамацваў глебу ў размовах з літоўскімі дыпламатамі наконт аслаблення блакады тавараў з Беларусі, якая знаходзіцца пад санкцыямі.
Літва, якая на пачатку 2027 года прыме ратацыйнае старшынства ў Еўрапейскім саюзе, як піша выданне, тэарэтычна магла б накласці вета на наступнае падаўжэнне санкцый, запланаванае на люты.
Адзначаецца, што “крах гандлёвых перамоў паміж ЗША і Канадай у жніўні і новыя люстраныя падвышэнні тарыфаў толькі яшчэ больш падштурхнулі цікавасць [амерыканскай] адміністрацыі да закупак калію ў Беларусі, якая кантралюе каля 20% сусветнага рынку”.
Politico сярод іншага падкрэслівала, што афіцыйныя асобы ў Еўропе не імкнуцца прытрымлівацца курсу Трампа, усходнееўрапейскія чыноўнікі таксама занепакоеныя тым, што змякчэнне санкцый у дачыненні да Лукашэнкі можа надаць яму больш міжнароднай легітымнасці і свабоды дзеянняў для працягу зняволення апанентаў.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля аднадзённага перапынку мігранты працягнулі атакаваць мяжу Беларусі і ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД наблізілася да 6,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў кастрычніку знізіўся на 1,7%, з пачатку 2026 года — вырас на 0,9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка



