Мінск 09:52

Нацбанк дазволіў ЗАТ “Неа Банк Азія” праводзіць аперацыі з каштоўнымі металамі

Ілюстрацыйнае фота: kranite.com

5 лістапада, Позірк. Пра пашырэнне ліцэнзійных паўнамоцтваў ЗАТ “Неа Банк Азія” паведаміла 5 лістапада прэс-служба Нацыянальнага банка Беларусі.

Адзначаецца, што пастановай праўлення рэгулятара № 227 ад 3 лістапада 2026 года ліцэнзія фінансавай установы была дапоўненая шэрагам банкаўскіх аперацый. Цяпер “Неа Банк Азія” можа адкрываць і весці рахункі ў каштоўных металах; купляць і прадаваць каштоўныя металы “ў выпадках, прадугледжаных Нацбанкам”; прыцягваць і размяшчаць каштоўныя металы ва ўклады (дэпазіты) фізічных і юрыдычных асоб.

“Неа Банк Азія” (да 15 жніўня 2024 года — ЗАТ “БТА Банк”) — беларускі камерцыйны банк са штаб-кватэрай у Мінску. 99,93% яго акцый належаць ТАА “SNRG Capital Eurasia” (Казахстан), а канчатковым бенефіцыярным уласнікам з’яўляецца казахстанскі прадпрымальнік Султан Марэнаў.

Паколькі банк кантралюецца прыватным казахстанскім капіталам, ён пазбег санкцыйных абмежаванняў, якія закранулі шэраг беларускіх банкаў. Банк не адключаны ад міжнароднай сістэмы SWIFT і працягвае праводзіць плацяжы і пераводы за мяжу.

У Беларусі зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са стопрацэнтным замежным удзелам). Іх прыбытак на 1 кастрычніка 2026 года склаў 2 млрд 798,4 млн рублёў — на 17,4% менш, чым на аналагічную дату 2025-га (3 млрд 386,8 млн). Нарматыўны капітал на пачатак кастрычніка складаў 25 млрд 999,9 млн рублёў (+5,8% за 12 месяцаў); дастатковасць нарматыўнага капіталу — 19% (-1,2 працэнтнага пункта); актывы, схільныя да крэдытнай рызыкі, — 134 млрд 148,5 млн (+14,2%); неабслугоўваныя актывы — 3 млрд 313,5 млн (+15,7%).

Падзяліцца: