Мінск 23:57

РАДА пры падтрымцы Савета Еўропы стварыла сайт для прыцягнення ўвагі да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі

Скрыншот: сайт deathpenaltyminsk.online

12 кастрычніка, Позірк. Сайт deathpenaltyminsk.online для прыцягнення ўвагі да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі створаны Беларускім нацыянальным моладзевым саветам (РАДА) пры падтрымцы Савета Еўропы (СЕ). Прэзентацыя праекта адбылася 12 кастрычніка ў інфармацыйным пункце СЕ для беларусаў у Вільнюсе.

Дыскусія пра скасаванне найвышэйшай меры пакарання з прэзентацыяй тэматычнага сайта, прымеркаваная да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка), стала першым мерапрыемствам у інфапункце СЕ пасля яго адкрыцця ў траўні 2026 года.

Прадстаўніца РАДА (пажадала застацца неназванай) адзначыла, што праект стаў вынікам хакатона, які прайшоў у 2024 годзе: “За два гады мы змаглі прапрацаваць ідэю, вызначыцца з канцэпцыяй і зразумець, як менавіта хочам яе рэалізаваць”.

На сайце акумуляваная інфармацыя пра 17 месцаў у Мінску, якія тым ці іншым чынам звязаныя з праблемай смяротнага пакарання — у разрэзе гісторыі і сучаснасці. Звесткі прадстаўленыя на беларускай і англійскай мовах.

“Галоўная мэта, якую мы перад сабой ставілі, — распавесці пра гісторыю месцаў, міма якіх звычайныя мінчане праходзяць штодня: па дарозе на навучанне або працу, падчас прагулак з сябрамі або проста бавячы вольны час у горадзе, — адзначыла спікер. — Мы выбралі месцы, якія вельмі добра знаёмыя жыхарам Мінска, некаторыя з іх з’яўляюцца славутасцямі, што прыцягваюць турыстаў”.

“Напэўна, самым важным адкрыццём для мяне падчас гэтай працы стала тое, што <…> з 1994 года ў Беларусі было праведзена 300 пакаранняў смерцю, прычым большасць пакараных — маладыя людзі ва ўзросце да 32 гадоў. Такім чынам, гэтая праблема непасрэдна тычыцца тэмы моладзі ў Беларусі. <…> Разам з кааліцыяй супраць смяротнага пакарання мы пашчыравалі, каб сабраць статыстычныя даныя, зрабіць іх як мага больш актуальнымі і выбраць месцы, пра якія было б асабліва важна распавесці”, — дадала яна.

Пакуль праект ахоплівае толькі сталічныя лакацыі, але “ў Беларусі значна больш месцаў, пра якія варта было б згадаць у кантэксце гэтай тэмы”.

“Мы распавядаем не толькі пра сучасныя падзеі, але і звяртаемся да гісторыі Беларусі. Нам важна дапамагчы маладым людзям зразумець, дзе знаходзяцца карані гэтай праблемы, адкуль бярэ пачатак падобнае стаўленне да смяротнага пакарання з боку дзяржавы. Як можна здагадацца, карані сыходзяць у часы Савецкага Саюза і нават яшчэ глыбей у мінулае”, — адзначыла прадстаўніца РАДА.

Спікер нагадала, што ўсяго некалькі дзён таму праваабаронцы паведамілі пра пакаранне смерцю жыхара Слуцка Аляксандра Таратуты — у кастрычніку 2024 года. Такім чынам, канстатавала яна, “спатрэбілася два гады, каб гэтая інфармацыя стала здабыткам грамадскасці”.

“Думаю, не трэба тлумачыць, што гэта кажа пра стан правасуддзя ў Беларусі, — сказала прадстаўніца ініцыятывы. — Мы павінны рэалістычна ацэньваць сітуацыю. Як арганізацыя, якая працуе ў выгнанні, мы маем вельмі абмежаваныя магчымасці ўплываць на тое, што адбываецца ўнутры краіны. Мы не можам проста цяпер змяніць законы або аднавіць незалежную судовую сістэму. Але мы можам зрабіць так, каб беларуская грамадзянская супольнасць працягвала ўдзельнічаць у дыскусіях і працэсах, у тым ліку тых, што тычацца правоў чалавека і правасуддзя”.

“Для РАДА скасаванне смяротнага пакарання непарыўна звязанае з дэмакратычнымі пераўтварэннямі ў Беларусі. Змяненне заканадаўства — толькі адзін з крокаў. Значна больш складанай задачай стане пабудова сістэмы правасуддзя, якая паважае чалавечае жыццё і абмяжоўвае ўладу дзяржавы. І маладыя людзі маюць быць уцягнутыя ў гэты працэс ад самага пачатку. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Менавіта таму супраца з Саветам Еўропы мае для нас такое вялікае значэнне. Не таму, што мы чакаем неадкладных перамен у Беларусі, а таму, што мы не можам дазволіць сабе чакаць гэтых перамен, перш чым пачаць неабходную працу”, — падкрэсліла яна.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: