Мінск 19:31

З боку “ключавых краін” ЕС абуджаецца цікавасць да Беларусі, заяўляе Рыжанкоў

Фота: МЗС

6 кастрычніка, Позірк. Аб “абуджэнні з боку ключавых краін ЕС“ цікавасці да Беларусі заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму агенцтву “РИА Новости“ (апублікавана 6 кастрычніка на сайце МЗС).

На працягу апошніх шасці гадоў гэтыя краіны “хаваліся“ ад Мінска “па ўсіх кутах, спрабуючы захаваць нейкі палітычны твар“, сказаў Рыжанкоў.

“Таму што ў 2020 годзе было лёгка, як і ў 2022-м, навесіць цэтлікі на ўсё кіраўніцтва Беларусі — ад, умоўна кажучы, старшыні райвыканкама да прэзідэнта. І як з гэтага потым выходзіць? Як тлумачыць сваім выбаршчыкам, чаму шэсць гадоў была палітыка ізаляцыі, а зараз вы ідзяце на размову з гэтымі “слугамі дыктатара”?” — адзначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, “усе каналы ўзаемадзеяння“ з Мінскам пасля падзей 2020 года “перакрылі менавіта яны“, сярод іншага было спынена “супрацоўніцтва на мяжы, па пытаннях бяспекі, у гандлёва-эканамічным, палітычным і нават гуманітарным плане“.

“Цяпер яны робяць гэтыя крокі. Мы не супраць на самой справе. І яшчэ раз: мы не стаялі з працягнутай рукой”, — заявіў Рыжанкоў, дадаўшы, што беларускі бок не заўсёды дае інфармацыю пра гэтыя кантакты ў СМІ, бо “дыпламатыя часам патрабуе цішыні“.

“Нашы партнёры вельмі педантычныя ў гэтых пытаннях, вельмі баяцца, што нехта даведаецца, што мы з кімсьці сустрэліся”, — дадаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

“Мы сёння выбудоўваем сваю знешнюю палітыку з апорай на тыя дзяржавы, з якімі ў нас атрымліваецца развіваць цудоўныя стасункі. Уся вялікая Еўразія, якую мы маем за спінай праз Расію, Афрыка, Лацінская Амерыка. І супрацоўніцтва ідзе дастаткова паспяхова“, — сказаў ён.

Гаворачы пра санкцыі, Рыжанкоў адзначыў, што дзякуючы ЗША яны “паціху сыходзяць”. “І прычым, наколькі я разумею, для амерыканцаў гэта пытанне дзясятае ў прынцыпе. Я маю на ўвазе з пункту гледжання таго, што гэта за санкцыі, да чаго яны вядуць, дзе для іх Беларусь, таму што наш гандаль з амерыканцамі не такі і вялікі. Гэта звязана і з пытаннямі лагістыкі, дастаткова складаным амерыканскім рынкам і перашкодамі на шляху ў выглядзе Еўрапейскага саюза, які забараняе правозіць праз сваю тэрыторыю, нават транзітам, пэўныя віды тавараў”, — удакладніў міністр.

Таму, паводле яго слоў, санкцыі “сёння не адыгрываюць нейкай сур’ёзнай ролі ні для Беларусі, ні для Амерыкі“.

“Што тычыцца еўрапейскіх санкцый, тут, вядома, складаней. Але за гэтыя шэсць гадоў мы адаптаваліся да санкцый Еўрапейскага саюза, мы проста навучыліся жыць з імі і жыць дастаткова якасна. Мы фактычна перанакіравалі свае патокі экспарту ў іншыя краіны і яшчэ прыраслі ў грашовым выражэнні да нашага экспарту недзе на 30–40%”, — заявіў Рыжанкоў.

У гэтым годзе, паводле яго слоў, экспарт у ЕС “калі і дойдзе да паўмільярда, то гэта будзе вельмі цікавы вынік“.

Рыжанкоў таксама паведаміў, што ў рамках нядаўняй Генеральнай Асамблеі ААН беларуская дэлегацыя правяла “каля 20 сустрэч з міністрамі замежных спраў, прэм’ер-міністрамі, прэзідэнтамі”. Сустрэчу з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім герой інтэрв’ю назваў “вызначальнай“, бо “за апошнія, магчыма, 7–8 гадоў“ гэта першая сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў МЗС паміж Мінскам і Варшавай.

Падзяліцца: