Мінск 17:50

Расійскі прадпрымальнік незаконна ўвёз у Беларусь з Польшчы тавараў на 500 тыс. рублёў — мытня

Фота: прэс-служба ДМК

9 лістапада, Позірк. Расійскі прадпрымальнік незаконна ўвёз з Польшчы ў Беларусь, а значыць, і на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза тавары замежнай вытворчасці на суму каля 500 тыс. рублёў (прыкладна 167 тыс. долараў), вынікае з інфармацыі прэс-службы Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле даных ведамства, на дарозе М1 супрацоўнікі Брэсцкай мытні спынілі фургон “Івека”, які, згодна з дакументамі, перавозіў аўтазапчасткі.

“Аднак фактычнае змесціва грузавога адсека выявілася куды больш разнастайным, — гаворыцца ў паведамленні. — У ім яшчэ знаходзілася каля 3,8 тыс. адзінак музычных інструментаў, парфумерыі, корму для жывёл і прэміяльных алкагольных напояў без беларускіх акцызных марак”.

Мытнікі высветлілі, што не адлюстраваны ў дакументах груз быў увезены ў Беларусь пад выглядам тавараў для асабістага карыстання. Як адзначаецца, груз дзялілі на часткі на тэрыторыі Польшчы і раздавалі фізічным асобам, каб тыя перамясцілі яго праз мяжу як сваю маёмасць. Такім чынам арганізатар схемы меў намер ухіліцца ад выплаты мытных плацяжоў, вынікае з інфармацыі ДМК. Ці хацеў расійскі прадпрымальнік прадаць гэтыя тавары ў Беларусі або планаваў везці іх на радзіму, не ўдакладняецца.

Па гэтым факце распачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 13.12 (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, адпуску і рэалізацыі тавараў), ч. 2 арт. 13.18 (парушэнне парадку абароту, перамяшчэння, транзіту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту, нехарчовага этылавага спірту, тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў) і ч. 2 арт. 15.1 (перамяшчэнне тавараў праз мытную мяжу ЕАЭС па-за вызначанымі заканадаўствам месцамі або ў нявызначаны час) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Партыя незаконна ўвезеных тавараў вынятая да рашэння суда.

Падзяліцца: