Мінск 17:49

За мінулы тыдзень Беларусь на падставе бязвізу наведала крыху менш за 4,8 тыс. жыхароў краін Еўропы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

9 лістапада, Позірк. З 2 да 9 лістапада ў Беларусь у бязвізавым парадку ўехала 4.752 жыхары еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 5.485), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За мінулы тыдзень у краіну прыбыло 2.306 грамадзян Літвы (2.771), 877 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.214), 947 грамадзян Польшчы (858), 622 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спіса пашыранага бязвізу (642).

Ад сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь у бязвізавым парадку наведала 1.474.757 жыхароў еўрапейскіх краін. З Латвіі прыбыло 465.165 замежнікаў, з Літвы — 743.484, з Польшчы — 167.991. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў ад сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 98.117 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвізавы рэжым датычыцца жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін улады лічаць “недружалюбнымі” за тое, што яны ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: