Мінск 17:49

У кастрычніку “БелДжы” прадаў на рынку РФ на 41,2% менш новых аўтамабіляў, чым годам раней

Паслядоўна-паралельны гібрыд Belgee X80 PHEV
Ілюстрацыйнае фота на сайце belgee.by

9 лістапада, Позірк. У кастрычніку 2026 года беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” рэалізаваў на расійскім рынку 6.341 новы аўтамабіль маркі Belgee — на 41,2% менш, чым у тым жа месяцы 2025-га (10.780), паведамляе аналітычнае агенцтва “Аўтастат”.

Гэта 6-е месца сярод усіх марак, прадстаўленых у Расіі. Доля рынку склала 4,77% (годам раней — 4,51%).

Лідарамі продажаў у кастрычніку сталі Lada — 29.696 (-10,7%), кітайскі Haval — 16.868 (-35,4%), а таксама расійска-кітайскі Tenet — 15.285 (выйшаў на рынак у верасні 2025-га — рост у 1,8 раза).

За дзесяць месяцаў прададзена 49.696 адзінак Belgee (-3,1%; 51.276). Гэта 5-е месца сярод усіх марак, прадстаўленых у РФ. Доля рынку склала 4,52% (годам раней — 4,83%).

Сярод канкурэнтаў найлепшыя паказчыкі за гэты перыяд у Lada — 268.396 (-0,9%), Haval — 145.386 (+7%) і Tenet — 117.435.

За ўвесь 2025 год прададзены 69.091 аўтамабіль беларуска-кітайскага брэнда (34.775; рост амаль удвая) — 5-е месца. Лідарамі продажаў сталі Lada (330.357; -14,7%), Haval (173.434; -9,5%), Chery (99.936; -36,7%), Geely (93.988; -37,3%).

Раней генеральны дырэктар “БелДжы” Генадзь Свідзерскі паведамляў, што акцыянеры паставілі задачу заняць 1-е месца на ўнутраным рынку Беларусі і актыўна змагацца за 2-ю пазіцыю ў Расіі.

Продажы “БелДжы” ў Расіі пачаліся ў верасні 2023 года. У першы месяц было рэалізавана 19 аўтамабіляў.

Першапачаткова прадавалася толькі адна мадэль — красовер X50, створаны на аснове Geely Coolray. Сёлета ўвесну ў продажы з’явілася абноўленая версія мадэлі пад назвай X50+, якая замяніла ранейшую.

24 ліпеня 2024 года брэнд абвясціў пра пачатак продажаў у дылерскіх цэнтрах РФ універсальнага сярэднепамернага красовера X70 (даступны як з пярэднім, так і з поўным прывадам, а таксама сістэмай “мяккага” гібрыда).

З канца верасня 2025 года расіянам даступны седан S50. Як адзначалі эксперты рынку, мадэль прадавалася ў РФ ад 1,85 млн расійскіх рублёў (каля 22,9 тыс. долараў). Для параўнання, цэны на аналаг — Geely Emgrand — на той момант пачыналіся з 2,18 млн (27 тыс.).

Дэмпінг стаў, на думку экспертаў, адной з асноўных прычын імклівага росту продажаў беларуска-кітайскага аўто.

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Цяпер яго акцыянерамі з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITICC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: