Мінск 17:01

Пошукі аб’екта, які ўляцеў ранкам 3 кастрычніка з Беларусі ў Літву, не мелі поспеху і былі спыненыя

Иллюстративное фото: Sebastian Pociecha / unsplash.com

3 кастрычніка, Позірк. Аб’ект, які ўляцеў ранкам 3 кастрычніка з Беларусі ў Літву, так і не быў распазнаны, спробы знайсці яго цягам некалькіх гадзін не мелі поспеху і былі спыненыя, паведамляе вяшчальнік LRT са спасылкай на кіраўніка літоўскага Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантаса Віткаўскаса.

Паводле слоў чыноўніка, аб’ект быў зафіксаваны па-за межамі Літвы, яго сігнатура знікла да таго, як ён дасягнуў Вільнюса. Віткаўскас зноў дапусціў, што гэта мог быць не беспілотнік, а “анамалія або зграя птушак”. Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік цэнтра, “заўсёды неабходна зыходзіць з найгоршага сцэнарыю, каб мець час падрыхтавацца”.

“Кірунак палёту быў у бок Вільнюса і далей — Укмергскага раёна, а знак знік з радараў, крыху не даляцеўшы да Вільнюса. Я не хацеў бы падрабязна паведамляць, дзе менавіта была страчаная бачнасць, бо гэтая інфармацыя <…> не вельмі пасуе для распаўсюду сярод грамадскасці”, — сказаў ён.

Раней “Позірк” паведамляў, што праз неапазнаны аб’ект, які ўляцеў з боку Беларусі, у асобных рэгіёнах Літвы 3 кастрычніка абвяшчалася паветраная трывога, часова закрываўся аэрапорт Вільнюса.

Улады краіны папярэдзілі жыхароў усходняй часткі Літвы пра верагодную паветраную небяспеку каля 10:00. У неба паднялі знішчальнікі. Прыкладна праз 40 хвілін трывога была скасаваная.

Папярэдні раз паветраная трывога ў Літве праз аб’ект, які ўляцеў з боку Беларусі, абвяшчалася ўначы 15 верасня. З авіябазы ў Шаўляі былі паднятыя італьянскія знішчальнікі НАТО, якія збілі аб’ект — беспілотнік. Рэшткі дрона былі знойдзеныя ля вёскі Праткунай у Кайшадорскім раёне. Гэта быў першы выпадак знішчэння такога аб’екта над Літвой.

Пазней літоўскі міністр абароны Робертас Каўнас паведаміў, што ў дроне была выяўленая выбуховая прылада, сапёры яе абясшкодзілі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што гэта быў расійскі дрон “Гербера”, запушчаны па Украіне, але адхілены ад курса ўкраінскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Галоўны дарадца прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс сказаў, што Мінск не папярэдзіў Вільнюс пра дрон. Неўзабаве пасля гэтага МЗС Літвы ўручыла прадстаўніку амбасады Беларусі “ноту рашучага пратэсту” ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны.

Падзяліцца: