Мінск 12:43

На поўначы Літвы затрыманыя двое грамадзян краіны, меркавана звязаных з паветранай кантрабандай з Беларусі

Фота і калаж: САДМ Літвы

3 кастрычніка, Позірк. Двух жыхароў Шальчынінкскага раёна Літвы, які мяжуе з Беларуссю, 30 верасня затрымалі памежнікі ў ваколіцах вёскі Ліберышкіс у Панявежскім раёне (паўночная частка Літвы, каля 120 км да беларускай мяжы), паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) балтыйскай краіны.

Мяркуецца, што мужчыны (19 і 25 гадоў) могуць быць звязаныя з паветранай кантрабандай цыгарэт з Беларусі.

Адзначаецца, што аўтамабіль “Аўдзі Q7”, у якім ехалі маладыя людзі, супрацоўнікі аддзела крымінальнай выведкі Пагегяйскага памежнага атрада спынілі для праверкі наўмысна — на падставе “наяўнай папярэдняй інфармацыі”. Было падазрэнне, што мужчыны едуць па паветраны шар, які даставіў нелегальны груз з Беларусі.

“Пры праверцы машыны памежнікі высветлілі, што ўсталяваныя на ёй літоўскія дзяржаўныя нумары належаць іншаму транспартнаму сродку, а ідэнтыфікацыйны нумар аўтамабіля быў знішчаны, — паведаміла ведамства. — Прыкладна за 400 метраў ад аўтамабіля супрацоўнікі САДМ выявілі рэшткі паветранага шара і абсталяванне, якое, як мяркуецца, выкарыстоўвалася для кантрабанды цыгарэт. Яшчэ прыкладна за 600 метраў ад гэтага месца былі знойдзеныя аналагічныя прадметы”.

Пагегяйскі памежны атрад пачаў дасудовае расследаванне па факце падробкі, незаконнага знішчэння або змянення ідэнтыфікацыйных нумароў транспартнага сродку. За такое злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, арышту, абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да 2 гадоў.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з працяглай пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада 2025 года закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, з-за чаго ў краіне затрымалася больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі сёлета 23 сакавіка.

Спыненне ўварвання аэрастатаў з кантрабандай названае ўладамі Літвы адной з умоў пачатку дыялогу з Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу патрабуе ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

Падзяліцца: