Мінск 14:27

Тры іконы канфіскаваныя на мяжы ў грамадзянкі Беларусі

Фота: ДМК

2 кастрычніка, Позірк. Аб спыненні незаконнага перамяшчэння праз мяжу трох старадаўніх ікон, прызнаных культурнымі каштоўнасцямі, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Іконы перавозіла грамадзянка Беларусі, якая пастаянна пражывае ў Германіі, яна ўязджала ў краіну на аўтамабілі з нямецкімі рэгістрацыйнымі нумарамі праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль). ДМК адзначае, што для перасячэння мяжы яна абрала чырвоны калідор, каб “аформіць часовы ўвоз транспартнага сродку”. Пры гэтым заявіла, што тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, у яе няма.

Іконы мытнікі выявілі падчас надгляду салона аўтамабіля. Яны былі схаваныя пад чахламі ў кішэнях сядзенняў.

Удакладняецца, што гаворка пра абразы “Маці Божая Ахтырская“, “Маці Божая Елеуса Толгская“ і “Маці Божая Усіх Тужлівых Радасць“.

Згодна з заключэннем экспертызы, іконы выраблены на тэрыторыі Расійскай імперыі. Адна датаваная 17–18 стагоддзямі, дзве іншыя — 19 — пачаткам 20-га.

Агульны ацэначны кошт прадметаў склаў больш за 6 тыс. рублёў.

Іконы канфіскаваныя да рашэння суда.

У дачыненні да жанчыны распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза з утойваннем ад мытнага кантролю).

Падзяліцца: