Мінск 15:35

Лукашэнка: Я ўдзячны Трампу за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду і перш за ўсё ЗША

Фота: тэлеграм-канал "Пул Першага"

2 кастрычніка, Позірк. Падзяку прэзідэнту ЗША Дональду Трампу выказаў Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

Выказванні палітыка прыводзяць яго прэс-служба і дзяржСМІ.

“Нягледзячы на тую мітусню, якая часта з боку Трампа (раніцай — адно, вечарам — іншае), я яму ўдзячны за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду і перш за ўсё ЗША. Вось як ёсць”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, амерыканскі прэзідэнт “не хаваецца за нейкімі дыпламатычнымі фармулёўкамі”.

“Мы ўбачылі рэальны твар заходняй палітыкі, заходняй дыпламатыі, і перш за ўсё ЗША. Зыходзячы з гэтага вы, бачачы іх палітыку, рабіце для сябе высновы”, — заклікаў прамоўца.

Пасля вяртання Трампа ў Белы дом у пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на волю пачалі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся). Узамен ЗША саслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Лукашэнка неаднаразова называў сябе “трампістам”, падтрымліваючы палітычныя рашэнні амерыканскага прэзідэнта.

25 ліпеня 2025 года ў інтэрв’ю журналісту амерыканскага выдання Time (апублікавана 8 жніўня) Сайману Шустэру Лукашэнка назваў Трампа балтуном і заявіў, што прэзідэнту ЗША “было б архіпалезна“ з ім (Лукашэнкам) сустрэцца. Тады ж ён упершыню назваў сябе “трампістам”.

15 жніўня таго ж года адбылася тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнкам. Амерыканскі кіраўнік ляцеў на Аляску сустракацца з Пуціным.

Падзяліцца: