Мінск 10:10

Беларусы і немцы змогуць “сябраваць у мірнай Еўропе”, нягледзячы на “дзеянні асобных палітыкаў у Германіі”, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com**

3 кастрычніка, Позірк. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, “якая прынесла смерць і смутак мільёнам беларусаў”, быў дасягнуты “значны прагрэс у прымірэнні” народаў Беларусі і Германіі, а таксама ў “стварэнні падмурка для мірнага суіснавання і супрацы”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 кастрычніка народ ФРГ з Днём германскага адзінства.

“Нягледзячы на дзеянні асобных палітыкаў у Германіі і на Захадзе агулам, якія крок за крокам падрываюць дасягненні мінулых гадоў, жыхары Беларусі і Германіі пераадолеюць сучасныя выклікі і змогуць адстаяць сваё права жыць і сябраваць у мірнай Еўропе”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь “заўсёды была і застаецца адкрытай да канструктыўнага дыялогу”, і запрасіў грамадзян Германіі наведаць краіну “ў рамках бязвізавага ўезду, каб адчуць гасціннасць і міралюбнасць беларусаў, а таксама пабачыць на ўласныя вочы прыгажосць беларускай зямлі”.

Кажучы пра падзеі 36-гадовай даўніны, калі Заходняя і Усходняя Германія зліліся ў адну дзяржаву, палітык адзначыў, што “нямецкі народ зрабіў практычна немагчымае — аб’яднаў падзеленыя сем’і і ліквідаваў ранейшыя межы”. Паводле яго слоў, Беларусь “добра разумее ўсю складанасць гэтага працэсу”.

Шэсць гадоў Лукашэнка выкарыстоўвае адну і тую ж канцэпцыю віншавання нямецкага народа — зварот да гісторыі, а таксама выказаныя ў той ці іншай форме запрашэнне наведаць краіну, перакананасць у магчымасці пераадолець рознагалоссі і аднавіць дыялог. З гэтага шэрагу выбіваецца толькі віншаванне ў 2023 годзе, большую частку якога палітык прысвяціў крытыцы стаўлення Еўрапейскага саюза да Беларусі і таго, што Берлін падтрымлівае гэты курс.

Германія, з’яўляючыся часткай Еўрасаюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

У чэрвені 2025 года Мінгарвыканкам распарадзіўся неадкладна закрыць сталічны офіс Народнага саюза Германіі па доглядзе за вайсковымі магіламі, спаслаўшыся на парушэнне ім заканадаўчых нормаў. Пратэст з боку амбасады ФРГ не меў поспеху.

На пасяджэнні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) 17 верасня 2026 года была прадстаўленая сумесная заява 37 краін — удзельніц АБСЕ з заклікам да ўладаў Беларусі “неадкладна і безумоўна” вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыі. Сярод падпісантаў была Германія.

Падзяліцца: