Мінск 17:13

Памежная служба Украіны нагадала пра мінную загароду на мяжы з Беларуссю

Украінскія вайскоўцы мінуюць мяжу ў Паўночнай аперацыйнай зоне
Архіўнае фота: камандаванне АС УСУ

3 кастрычніка, Позірк. Паўночныя рубяжы знаходзяцца “пад узмоцненым кантролем і надзейнай абаронай”, заявіла прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) на старонцы ў “Фэйсбуку”, прысвечанай гэтаму ўчастку мяжы.

“У мэтах гарантавання нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы і абароны жыцця і здароўя людзей памежная тэрыторыя абсталяваная інжынернымі і мінна-выбуховымі загародамі, а сітуацыя на ёй знаходзіцца пад пастаянным кантролем і маніторынгам Сіл абароны Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ведамства нагадала, што “ў граніцах аднаго кіламетра ад дзяржаўнай мяжы Украіны з Рэспублікай Беларусь дзейнічае адмысловы памежны рэжым”, дзе забароненыя “свабодны ўезд, знаходжанне, пражыванне і перамяшчэнне асоб, а таксама правядзенне работ, не звязаных з адбіццём узброенай агрэсіі супраць Украіны, абаронай або аховай дзяржаўнай мяжы”.

ДПСУ заклікала датрымлівацца “захадаў міннай бяспекі”.

“Не ігнаруйце папераджальныя знакі. Пабачылі знак “Міны” або іншае папярэджанне пра небяспеку — не набліжайцеся і не спрабуйце прайсці далей, — адзначыла служба. — Не заходзьце на патэнцыйна небяспечныя тэрыторыі. Пазбягайце лясных масіваў, палёў, узбочын дарог ды іншых участкаў, доступ да якіх абмежаваны або забаронены”.

Ведамства таксама заклікала “не пакідаць аўтамабільныя дарогі; не з’язджаць на ўзбочыны, палявыя і лясныя дарогі і не рухацца па іх углыб памежнай тэрыторыі”. Акрамя таго, нельга дакранацца да падазроных прадметаў, а пры выяўленні невядомага аб’екта не варта набліжацца да яго, перамяшчаць яго і спрабаваць “самастойна абясшкодзіць”.

“Інжынерныя і мінна-выбуховыя загароды ўсталяваныя не выпадкова — яны ёсць складовай часткай сістэмы абароны і аховы дзяржаўнай мяжы. Датрыманне вызначаных абмежаванняў і правілаў міннай бяспекі — гэта перадусім клопат пра ўласнае жыццё і бяспеку вашых блізкіх. Не рызыкуйце дзеля кароткага шляху або з цікаўнасці”, — заклікала ДПСУ.

Украіна ўвяла адмысловы рэжым у кіламетровай паласе ўздоўж мяжы з Беларуссю і РФ

10 верасня, Позірк. Пра ўвядзенне адмысловага памежнага рэжыму ўздоўж мяжы з Беларуссю і РФ паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны (ДПСУ). Ведамства патлумачыла, што 17 жніўня Кабінет міністраў прыняў пастанову № 1049, якой на перыяд дзеяння ваеннага становішча вызначыў "адмысловы памежны …
Падзяліцца: