Мінск 14:42

Лукашэнка заявіў пра поспехі імпартазамяшчэння і ўвязаў іх з санкцыямі

Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

25 верасня, Позірк. Пра сувязь санкцый і поспехаў у імпартазамяшчэнні заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 25 верасня ТАА “Амкадор-Лесмаш” у Лагойскім раёне (Мінская вобласць).

Прэс-служба палітыка паведамляе, што на прадпрыемстве яму далажылі аб праведзенай працы па імпартазамяшчэнні — у прыватнасці, аб уласнай вытворчасці камплектуючых, якія “не саступаюць лепшым замежным узорам”. Сярод іх — харвестэрныя галоўкі, “самы дарагі і навукаёмісты вузел” у лесанарыхтоўчай тэхніцы. Гэты кірунак працы, гаворыцца ў паведамленні, стаў асабліва актуальным “пасля ўвядзення шэрагам краін санкцый у дачыненні да Беларусі і яе прадпрыемстваў”.

“Пра санкцыі забараняецца казаць. Ніякіх размоў!” — сказаў Лукашэнка. І сам жа загаварыў пра санкцыі: “Гэта час магчымасцяў. Калі б нас не прыціснулі, мы б гэта не мелі. А калі б мелі, то не пры нашым жыцці. Калі ласка — вынік. Не хочаце — не трэба, мы зрабілі самі. І калі мы разумная машынабудаўнічая краіна, мы павінны гэта рабіць, чаго б ні каштавала”.

Прамоўца падкрэсліў важнасць вытворчасці сучаснай айчыннай лесанарыхтоўчай тэхнікі і звярнуў увагу, што трэба не толькі забяспечваць патрэбы ўнутранага рынку, але і пастаўляць гэтую прадукцыю на экспарт, у прыватнасці, у Расію.

“Трэба працаваць на экспарт. І нам ёсць куды рухацца. Трэба дапамагаць расіянам у лесе”, — адзначыў ён.

“Трэба спяшацца, трэба рабіць хутчэй, — дадаў Лукашэнка. — Такога перыяду (складанага, цяжкага, але ў той жа час выгаднага для нас) больш у гісторыі Беларусі ў агляднай будучыні не будзе. Ні ў якім разе не расслабляцца. Таму што вы хутчэй зоймеце рынкі, якія вызваляюцца. А ў Беларусі трэба адназначна ўзмацняць нарыхтоўку лесу”.

Ён таксама зноў заявіў, што “трэба больш і больш” займацца меліярацыяй, культуртэхнікай, каб “вяртаць землі да жыцця”.

Злучаныя Штаты Амерыкі 17 верасня знялі санкцыі з канцэрна “Беллеспаперапрам” і ААТ “Лакафарба” (месціцца ў Лідзе, Гродзенская вобласць).

“Беллеспаперапрам” (поўная назва — Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці) — дзяржаўны галіновы канцэрн, які аб’ядноўвае прадпрыемствы лесапрамысловага комплексу. У 2023 годзе ў дачыненні да яго былі ўведзеныя санкцыі ЗША ў сувязі з “антыдэмакратычнымі дзеяннямі і парушэннямі правоў чалавека”.

2 сакавіка 2022 года ЕС увёў у дачыненні да Мінска санкцыі, якія прадугледжваюць забарону на пастаўку беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

Адразу ж пасля гэтага шматкроць вырас экспарт гэтай прадукцыі ў Еўропу з Казахстана і Кыргызстана. Паводле звестак Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ), гэта адбылося за кошт рээкспарту вырабленай у Беларусі падсанкцыйнай прадукцыі паводле фальшывых дакументаў: тады рост імпарту ў ЕС з Казахстана вырас у 74 разы, з Кыргызстана — прыкладна ў 18 тыс. разоў.

БРЦ паведамляў, што кыргызстанскія фірмы з беларускімі каранямі “наўпрост прапануюць пастаўляць у ЕС падсанкцыйную прадукцыю па фальшывых дакументах” і “вазіць пелеты ў Еўропу“вагонамі”.

У канцы красавіка 2025 года брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што падсанкцыйная беларуская драўніна з Беларусі і РФ увозіцца ў Вялікабрытанію.

Падзяліцца: