Прадстаўнікі Украіны і дэмакратычнай супольнасці Беларусі дамовіліся разам высвятляць абставіны перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

19 верасня, Позірк. Сумесную заяву пра высвятленне абставінаў гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь і садзейнічанне іх вяртанню на радзіму прынялі 19 верасня ў Кіеве ўдзельнікі V Форуму Астрожскіх — прадстаўнікі “Украіны, беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай, праваабарончай і экспертнай супольнасцяў”.
Аўтары дакумента асудзілі “саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў збройнай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны”, выказалі “глыбокую занепакоенасць задакументаванымі фактамі незаконнай дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў РФ і Рэспубліку Беларусь” і адзначылі неабходнасць аб’яднаць намаганні для “абароны правоў і законных інтарэсаў украінскіх дзяцей, якія пацярпелі ў выніку расійскай агрэсіі”.
У заяве падкрэслена, што “адказнасць за дзеянні рэжыму не можа пакладацца на беларускі народ, а абарона правоў дзяцей мае заставацца сумесным гуманітарным і праваабарончым прыярытэтам”.
Удзельнікі форуму заявілі пра гатоўнасць “аб’ядноўваць намаганні для сістэмнага выяўлення, дакументавання, аналітычнай апрацоўкі і належнай прававой верыфікацыі фактаў дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны” ў РФ і Беларусь. Яны гатовыя “садзейнічаць высвятленню месцаў знаходжання дзяцей” на тэрыторыі гэтых краін, у тым ліку “ў так званых “аздараўленчых лагерах”, а таксама дакументаваць “акалічнасці іх перамяшчэння, утрымання, прымусовай індактрынацыі і мілітарызацыі”.
Бакі выказалі намер дапамагаць у высвятленні “прыналежнасці службовых асоб, дзяржаўных органаў ды іншых структур Рэспублікі Беларусь да гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, забяспечваючы належнае дакументаванне адпаведных фактаў і садзейнічаючы іх прававой ацэнцы”.
Аўтары заявы хочуць заклікаць “міжнародныя незалежныя праваабарончыя, следчыя ды іншыя кампетэнтныя ўстановы” далучыцца да высвятлення абставінаў гвалтоўнага перамяшчэння дзяцей, дакументавання “адпаведных парушэнняў міжнароднага права і вызначэння адказнасці датычных асоб”.
Акрамя таго, яны гатовыя развіваць на міжнародным узроўні “супольную адвакацыйную дзейнасць, <…> скіраваную на прыцягненне ўвагі да лёсу ўкраінскіх дзяцей, распаўсюд пацверджанай інфармацыі і падтрымку міжнародных намаганняў па іх абароне і вяртанні”; садзейнічаць “прыцягненню экспертнай, аналітычнай і юрыдычнай падтрымкі для дакументавання адпаведных фактаў, належнай прававой ацэнкі дзеянняў датычных асоб і структураў і выкарыстання існых міжнародных механізмаў абароны правоў дзяцей”.
Удзельнікі форуму маюць намер “садзейнічаць бяспечнаму вяртанню ідэнтыфікаваных украінскіх дзяцей ва Украіну ці, пры неабходнасці, у трэція бяспечныя краіны — ва ўзаемадзеянні з кампетэнтнымі органамі, міжнароднымі арганізацыямі ды іншымі залучанымі бакамі”.
Выказаная гатоўнасць “працягваць дыялог і каардынацыю паміж украінскімі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прадстаўнікамі грамадзянскай і экспертнай супольнасці з мэтай практычнай рэалізацыі гэтых намераў”.
“Мы ўпэўненыя, што ўсталяванне праўды пра лёс украінскіх дзяцей, абарону іх правоў, садзейнічанне іх вяртанню і забеспячэнне адказнасці за здзейсненыя парушэнні з’яўляюцца важнымі складнікамі аднаўлення справядлівасці і зацвярджэння прынцыпаў міжнароднага права”, — гаворыцца ў заяве. Падкрэслена, што дакумент “адлюстроўвае агульныя намеры”, “не стварае міжнародна-прававых або фінансавых абавязацельстваў”, а таксама “не падмяняе паўнамоцтваў кампетэнтных дзяржаўных органаў і міжнародных установаў”.
Сёлета ўвесну кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка перадаў сабраную НАУ інфармацыю пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей спецдакладчыцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па гэтым пытанні Карыне Одэбрынк (Швецыя).
“Больш за 3,5 тыс. украінскіх дзяцей было прымусова перамешчана ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны — Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей. Гэтыя дзеянні ажыццяўляліся на падставе асабістага пісьмовага рашэння Лукашэнкі, прынятага ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы”, — паведаміла НАУ у красавіку.
У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з незаконным перамяшчэннем дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны.
Афіцыйны прадстаўнік МКС Фадзі эль-Абдала ў кастрычніку 2024-га паведаміў, што рэжым Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статута МКС, можа быць прыцягнуты да адказнасці за датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаБылы супрацоўнік СБУ: Ёсць разуменне, што рабіць з рэтранслятарамі на тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Навіны Германіі, ПалітыкаБеларусь шукае Крыж Еўфрасінні Полацкай праз Інтэрпол — НАНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаПасля аднадзённага перапынку мігранты працягнулі штурмаваць беларуска-літоўскую мяжуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваБеларуская расследавальніцкая журналістыка захавался, але сутыкаецца з выклікамі — прадстаўнік сферыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаПастаянны прадстаўнік у Жэневе Бельская адпрэчыла даклад незалежных экспертаў, абвінаваціўшы іх у намеры "разбурыць беларускую дзяржаву"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства85% выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў прыпадае ў Мінску на аўтамабіліМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка


