Мінск 11:09

Хрэнін прапанаваў сусветнай супольнасці паслугі Беларусі па пераадоленні “сістэмнага крызісу ранейшай мадэлі бяспекі”

16 верасня, Позірк. Пра “значную турбулентнасць” у міждзяржаўных адносінах і “крызіс сістэмы глабальнай бяспекі” заявіў 16 верасня міністр абароны Віктар Хрэнін у выступе на 13-м Пекінскім форуме па пытаннях бяспекі “Сяншань”, паведамляе прэс-служба ведамства.

Хрэнін адзначыў, што цяперашні Сяншаньскі форум “праходзіць у момант сур’ёзных выпрабаванняў”: “Працягваецца канфлікт на тэрыторыі Украіны, узброенымі супрацьстаяннямі ахоплены Блізкі Усход, узмацняецца ваенная актыўнасць у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, адбываецца паступальная мілітарызацыя Арктыкі”.

“Усе гэтыя працэсы не выпадковыя. Яны цесна звязаны з глыбокай трансфармацыяй сусветнага ўкладу. На нашых вачах набывае канкрэтныя абрысы шматпалярная міжнародная архітэктура, якая прапануе новыя, больш збалансаваныя і прывабныя мадэлі развіцця”, — заявіў чыноўнік.

Паводое яго слоў, неабходна “адмовіцца ад узаемных абвінавачванняў на карысць пошуку кампрамісу”, і ў Беларусі ёсць “канкрэтныя прапановы”, якія дапамогуць “пераадолець сістэмны крызіс ранейшай мадэлі бяспекі”.

Хрэнін заявіў пра неабходнасць “спыніць рух свету да глабальнай канфрантацыі”, “асаблівую адказнасць”, паводле яго сцвярджэння, у гэтым “нясуць ваенныя саюзы”, якія “павінны засяродзіць намаганні выключна на забеспячэнні калектыўнай бяспекі, а не станавіцца інструментам ціску на іншыя дзяржавы”.

Таксама Хрэнін мяркуе, што міжнароднае права “павінна быць абавязковым для ўсіх і не дапускаць адвольнага тлумачэння”.

“У адным выпадку кажуць пра агрэсію супраць суверэннай дзяржавы, а ў іншым — пра неабходнасць узброенага ўмяшання. У адной сітуацыі санкцыі называюць незаконным ціскам, а ў другой — абвяшчаюць неабходнымі і апраўданымі”, — адзначыў кіраўнік Мінабароны, дадаўшы, што такія падыходы руйнуюць “давер да міжнароднай прававой сістэмы”.

Асаблівую ўвагу, як падкрэсліў міністр, патрабуецца надаць “праблеме развіцця новых тэхналогій, а таксама распрацаваць адзіныя юрыдычныя і маральныя правілы іх прымянення”.

“Стварэнне смертаносных аўтаномных сістэм, укараненне штучнага інтэлекту, выкарыстанне космасу з мэтай проціборства імкліва павышаюць рызыку ненаўмыснай і некантралюемай эскалацыі. Яе нельга дапусціць”, — падкрэсліў Хрэнін.

Таксама, адзначыў ён, “варта прызнаць, што да асноўных задач сучасных узброеных сіл адносіцца не толькі ўзброеная абарона дзяржавы, але і прадухіленне канфліктаў”.

Галоўнай умовай стабільнасці міжнародных адносін, паводое слоў чыноўніка, з’яўляецца “не баланс ваеннай сілы, а салідарная адказнасць і ўзаемнае давер“.

“Сёння перад міжнароднай супольнасцю стаіць не менш адказная задача: прывесці сістэму бяспекі ў адпаведнасць з рэаліямі нашага часу. Рэспубліка Беларусь гатовая над гэтым працаваць разам з іншымі краінамі”, — заявіў прамоўца.

Ён таксама падкрэсліў, што “ўсе ініцыятывы і намаганні Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне маюць адну мэту — захаваць мір і зрабіць бяспеку агульным здабыткам народаў”.

3 чэрвеня ў Маскве на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Хрэнін заявіў аб верагодным нападзе “калектыўнага захаду” на Беларусь і Расію.

26 чэрвеня на IV “Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе” ў Мінску ён абвінаваціў еўрапейцаў у “нацысцкім менталітэце” і падрыхтоўцы да вайны.

Таксама Хрэнін і іншыя прадстаўнікі сілавога блока рэгулярна заяўлялі аб актыўных вучэннях краін НАТО ля беларускіх межаў.

Пры гэтым 22 ліпеня падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку Хрэнін заявіў аб спакойнай ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол Беларусі і “адсутнасці прыкмет падрыхтоўкі да актыўных дзеянняў з боку суседніх дзяржаў”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны — найбуйнейшым канфлікце ў Еўропе з часоў Другой сусветнай, у якім лік загінуўшых ідзе на сотні тысяч. Пры гэтым улады ў Мінску ўвесь час заяўляюць аб сваёй прыхільнасці міру.

13-ы Пекінскі форум па пытаннях бяспекі “Сяншань” праходзіць у Кітаі 15–17 верасня. Перад пачаткам форуму Хрэнін сустрэўся са сваім кітайскім калегам Дун Цзюнем.

Падзяліцца: