Мінск 16:43

У Літве абвяшчалі паветраную трывогу праз меркаваны БПЛА — аказалася, што прычынай стала чарада птушак

Фота: pixabay.com

13 верасня, Позірк. Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі Літвы (НЦКК) абвясціў 13 верасня “магчымую паветраную трывогу” (жоўты ўзровень небяспекі), паведамляе партал Delfi.

У паветранай прасторы Літвы, як адзначаецца, быў зафіксаваны меркавана дрон. Пра пагрозу былі аператыўна інфармаваныя жыхары Вільнюса, а таксама Вільнюскага, Тракайскага і Электрэнскага раёнаў.

У 13:37 Узброеныя сілы Літвы паведамілі, што “пагроза мінула”. Пры гэтым жыхароў прасілі “сачыць за далейшай інфармацыяй і намеціць найбліжэйшае сховішча, у якое можна пайсці ў выпадку паветранай трывогі”.

“Небяспекі няма, людзі могуць быць спакойныя. <…> Па сутнасці, пагрозы больш няма”, — заявіў LRT кіраўнік НЦКК Вілмантас Віткаўскас.

Паведамляецца, што раней у сувязі з пагрозай у паветра падымаліся знішчальнікі НАТО. Яны, паводле паведамлення НЦКК, устанавілі, што “заўважаныя радарамі аб’екты — гэта чарада птушак”. “На экранах радараў сілуэты птушак і беспілотнкаў вельмі падобныя, таму для высвятлення абставінаў патрэбная дадатковая праверка”, — адзначылі ў цэнтры.

Партал Delfi звяртае ўвагу, што аэрапорт у Вільнюсе прыпыняў працу 13 верасня. Пасля адмены пагрозы ён аднавіў прыём і апраўку рэйсаў.

Раней паведамлялася, што ў ноч на 13 верасня ў Літве быў зафіксаваны “неапазнаны лятаючы аб’ект”. Радары літоўскіх вайскоўцаў заўважылі яго ў 4:05 у раёне горада Варэна, у 4:25 ён пакінуў тэрыторыю Літвы, заляцеўшы ў Калінінградскую вобласць (РФ).

“Верагодна, ён трапіў на тэрыторыю Літвы з Беларусі”, — гаварылася ў паведамленні.

Паветраная трывога ў сувязі з гэтым аб’ектам у Літве не абвяшчалася.

14 жніўня паведамлялася, што знішчальнікі місіі НАТО ў патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі збілі замежны дрон у Латвіі. 17 жніўня латвійскі міністр абароны Райвіс Мелніс заявіў, што БПЛА заляцеў на тэрыторыю краіны з Беларусі. Адзначалася, што ён трапіў у Латвію “ў выніку прымянення Расіяй сродкаў РЭБ”.

З студзеня 2025 года па травень 2026-га ў краінах Балтыі як мінімум 24 разы паведамлялі пра беспілотнікі, якія з’яўляюцца ў паветранай прасторы або знойдзеныя на тэрыторыі, пісала раней “Новая газета Еўропа”, прааналізаваўшы паведамленні мясцовых уладаў.

Часцей за ўсё пра такія выпадкі паведамлялі ў Латвіі (не менш за 12 эпізодаў). Яшчэ як мінімум сем выпадкаў зафіксавана ў Літве, пяць — у Эстоніі.

У шэрагу выпадкаў паходжанне беспілотнікаў устанавіць не ўдалося, аднак частку дронаў называлі расійскімі, украінскімі або якія прыляцелі з боку Беларусі. Некаторыя інцыдэнты прыводзілі да абмежаванняў у працы інфраструктуры краін Балтыі.

Летась у ліпені расійскі вайсковы беспілотнік заляцеў з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Бытавыя БПЛА і метэазонды з кантрабанднымі тытунёвымі вырабамі залятаюць з беларускай тэрыторыі ў паветраную прастору прыгранічных краін ЕС рэгулярна.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: