Мінск 17:13

Ліцэнзаванне дадатковай адукацыі дазволіць “абараніць дзяцей ад прайдзісветаў”, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

10 верасня, Позірк. Увесці ліцэнзаванне дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі лічыць неабходным Аляксандр Лукашэнка. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні ён выклаў 10 верасня на нарадзе па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, гэта мае дазволіць “абараніць <…> дзяцей ад усялякага роду прайдзісветаў” і забяспечыць роўныя ўмовы працы для дзяржаўных і прыватных суб’ектаў.

“Мы паслядоўна на працягу шэрагу гадоў даналаджваем дзяржаўнае рэгуляванне адукацыйнай дзейнасці. Падкрэслю, даналаджваем, а не закручваем гайкі, як часам спрабуюць гэта падаць несумленныя СМІ або псеўдаэксперты, якія збеглі за мяжу”, — сказаў Лукашэнка.

“У пытанні ліцэнзавання адукацыі мае быць пастаўленая кропка”, — заявіў ён.

Сфера адукацыі, на думку спікера, “з’яўляецца дзяржаваўтваральнай”, таму ўлады будуць яе “рэгуляваць з улікам нацыянальных інтарэсаў”: “Як бы некаму гэта ні падабалася”.

Лукашэнка папрасіў паведаміць, як ліцэнзаванне адукацыі ўжо сябе паказала і ці атрымалася “навесці парадак” у галіне. Ён таксама адзначыў, што крытэрыі для атрымання ліцэнзіі маюць быць выразнымі і зразумелымі для ўсіх, і пацікавіўся, якія захады плануецца зрабіць, каб “не ствараць непатрэбнага напружання ў галіне і грамадстве”.

Пад “дадатковай адукацыяй” звычайна разумеюцца заняткі па-за звычайнай школьнай праграмай: гурткі, секцыі, музычныя і мастацкія школы, моўныя курсы, розныя развівальныя заняткі для дзяцей і моладзі.

20 верасня 2022 года Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам запатрабаваў “зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі”. Пасля гэтага ў краіне былі закрытыя амаль усе прыватныя дзіцячыя сады і большасць прыватных школ.

17 кастрычніка таго ж года Лукашэнка падпісаў закон “Аб ліцэнзаванні”, раней прыняты парламентам. Апроча іншага ён увёў ліцэнзаванне дзіцячых садоў і школ — для фармавання “ідэалагічна трывалай і ўсебакова развітай асобы”.

9 жніўня 2026 года дарадца дэмлідара Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч заявіў на канферэнцыі “Новая Беларусь”, што “за апошнія пяць гадоў Беларусь страціла 13 тысяч настаўнікаў — гэта 8% ад усіх”. “Можна казаць пра наступствы кавіду, пра закрыццё вясковых школ. Але большасць з іх была звольнена з палітычных матываў”, — сказаў ён.

Падзяліцца: