Мінск 11:28

Літва выступае за ўзмацненне санкцый супраць Беларусі — галоўная дарадца прэзідэнта Наўседы

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

8 верасня, Позірк. Пазіцыя Літвы ў дачыненні да Беларусі “не пастрожваецца і не змякчаецца”, заявіла 8 верасня ў эфіры Žinių radijas галоўная дарадца прэзідэнта гэтай балтыйскай краіны Аста Скайсгірытэ.

“Мы прытрымліваемся сваёй лініі і, думаю, нягледзячы на ўсе размовы, якія ўзнікаюць у публічнай прасторы, будзем працягваць яе прытрымлівацца, — цытуюць чыноўніцу літоўскія СМІ. — Беларускі рэжым — рэпрэсіўны рэжым, санкцыі супраць Беларусі маюць ўзмацняцца”.

Паводле слоў Скайсгірытэ, цяпер Вільнюс не бачыць магчымасцей для палітычнага дыялогу з Мінскам.

“Разумееце, каб пачаць дыялог, трэба ведаць, пра што размаўляць, — адзначыла яна. — Пра што мы можам размаўляць у гэтым выпадку? Амерыканцы пачалі такі дыялог і вядуць перамовы пра вызваленне палітвязняў. Думаю, каб можна было весці змястоўны дыялог, мае адбыцца нейкая істотная змена абставін”.

16 чэрвеня літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў у Сейме, што яго краіна, “рашуча асуджаючы” вайну Расіі супраць Украіны, а таксама гібрыдныя атакі супраць Літвы з тэрыторыі Беларусі, “цвёрда падтрымлівае міжнародныя санкцыі” супраць гэтых краін і выступае “за іх узмацненне”.

“Наша краіна таксама не мае намеру ісці на саступкі, калі непасрэдна закранаюцца інтарэсы нацыянальнай бяспекі”, — сказаў ён.

Калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі “сапраўды прадэманструе” намаганні па нармалізацыі стасункаў, “прынамсі, без стварэння напружанасці свайму суседу”, у Літве расцэняць гэта як знак добрай волі, казаў Наўседа 2 красавіка. Ён дапусціў магчымасць, што Вільнюс пачне дыялог з рэжымам у Мінску, “але для гэтага маюць быць вельмі выразныя ўмовы”.

22 красавіка Інга Ругінене, якая тады займала пасаду прэм’ер-міністра, заявіла, што Літва “не будзе імкнуцца да збліжэння з Беларуссю”, пакуль Мінск не прадэманструе “добрую волю”. “Мы не мяняем сваю пазіцыю, і пазіцыя ўрада ясная. Мы гатовыя [да дыялогу], мы проста хочам бачыць добрую волю і з іншага боку”, — удакладніла яна.

У Самаркандзе дэпутат Шпакоўскі звязаў правы чалавека з санкцыямі і паскардзіўся на закрыты для беларускага калію порт Клайпеды

5 верасня, Позірк. Пра праблему доступу да мора ў кантэксце правоў чалавека выказаўся член камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі 5 верасня на 12-й глабальнай канферэнцыі маладых парламентарыяў Міжпарламенцкага саюза ў Самаркандзе (Узбекістан). "Я хацеў бы нагадаць вам …

Літве давядзецца знайсці "нейкі фармат суіснавання" з рэжымам Лукашэнкі, лічыць спікер Сейма

1 ліпеня, Позірк. Літве давядзецца знайсці "фармат суіснавання" з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такое меркаванне выказаў 1 ліпеня ў эфіры Žinių radijus спікер Сейма Літвы Юозас Олекас. "Няма толькі чорнага і белага, нельга аднаму — усё, а іншаму — нічога, — …
Падзяліцца: