Мінск 14:35

У праекце па стварэнні беларуска-расійскага самалёта “Асвей” маюцца “нейкія непаразуменні” — Лукашэнка

Меркаваны выгляд самалёта "Асвей"
Ілюстрацыя на сайце 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода

25 жніўня, Позірк. Наяўнасць “нейкіх непаразуменняў” у праекце па стварэнні беларуска-расійскага самалёта “Асвей” канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня ў Мінску на сустрэчы з першым намеснікам старшыні ўрада РФ Дзянісам Мантуравым.

Як паведамляе прэс-служба палітыка, ён выказаў гатоўнасць абмеркаваць праблемы “для таго, каб усё ж “Асвей” быў”.

“Ён патрэбны на нашым агульным рынку. Натуральна, для Расіі гэта добры будзе самалёт, — адзначыў Лукашэнка. — Ну а для нас — набыццё новых кампетэнцый. Вы бачылі, што мы займаемся рамонтам многіх самалётаў. Сёе-тое ўжо ўмеем рабіць. Не на голым месцы. Таму з дапамогай расіян мы маглі б асвоіць новы напрамак у прамысловасці”.

24 жніўня міністр прамысловасці і гандлю РФ Антон Аліханаў паведаміў журналістам, што Расія і Беларусь знаходзяцца на этапе ўзгаднення магчымых дадатковых выдаткаў на праект самалёта “Асвей”.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, чыноўнік адзначыў, што ў праекце “дастаткова шмат складанасцей з пункту гледжання ўзгаднення з замоўцамі, бо там маюцца як грамадзянскія, так і вайсковыя замоўцы”.

“Былі складанасці яшчэ на этапе эскізнага праекта. Таму цяпер, калі мы ўжо канчаткова завершым РКД (рабочую канструктарскую дакументацыю. — “Позірк”.), будзе зразумелы арыентавальны кошт працягу гэтых работ. Акурат з беларускім бокам цяпер узгадняем, як будзем дзяліць магчымыя дадатковыя выдаткі, выкліканыя новымі патрабаваннямі”, — сказаў ён.

15 сакавіка аб’яднанне BelPol выказала сваё меркаванне пра прычыны павольнай рэалізацыі праекта па стварэнні беларуска-расійскага самалёта “Асвей”.

Арганізацыя спаслалася на службовы ліст старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Дзмітрыя Пантуса генеральнаму дырэктару расійскага холдынгу “Тэхнадынаміка” Ігару Насянкову ад 2 верасня 2025 года, што меўся ў яе распараджэнні.

У лісце Пантус скардзіцца на праблемы, якія тычацца ўзаемадзеяння з расійскім удзельнікам сумеснага праекта — Уральскім заводам грамадзянскай авіяцыі (уваходзіць у холдынг “Тэхнадынаміка”).

З “асаблівай трывогай”, як было заяўлена, ён паведаміў пра “непрыглядную сітуацыю” ва ўзаемаадносінах з прадпрыемствам. “Становішча, што склалася, практычна замарожвае магчымасць пачатку фінансавання названага праекта з беларускага боку”, — гаварылася ў лісце.

Раскрываючы падрабязнасці, BelPol адзначыў, што расійскі завод “проста дынаміць беларускі бок як у працы, так і ў адказах на афіцыйныя запыты”. Сярод іншага прадпрыемства ў Екацярынбургу “не ўзгадняе дакументы” і “сарвала ўсе тэрміны” па шэрагу напрамкаў.

Пра выраб двух доследных узораў самалёта “Асвей” гаварылася, што гэтая частка праекта мае быць “авансаваная беларускім бокам”: “Аднак высветлілася, што рахунак на гэтае авансаванне, выстаўлены расійскім бокам, значна перавысіў суму, якая была прапісаная раней”. Удакладнялася, што замест 1,2 млрд расійскіх рублёў прадпрыемства запрасіла 2,9 млрд.

У сваім лісце кіраўнік Дзяржкамвайскпрама выказваў “асцярогі”, што “расійскі выканаўца ў рамках тэхнічнага праекта няякасна выканаў прадугледжаныя работы па разліку эканамічнай часткі праекта”.

“Падобныя дзеянні” ўральскага завода, а таксама “пастаяннае ўвядзенне ў зман беларускага дзяржаўнага замоўцы і адкрытае жангляванне заявамі і лічбамі” Пантус назваў “недапушчальнымі і контрпрадуктыўнымі”.

Пра тое, што ў Беларусі створаць “паўнавартасны айчынны грамадзянскі самалёт” да 2029–2030 года, заявіў летась 30 лістапада кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” па выніках паездкі ў Растоўскую вобласць і Стаўрапольскі край РФ.

Паводле яго слоў, ААТ “558 авіярамонтны завод” у Баранавічах (Брэсцкая вобласць), Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі і Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) усталявалі кантакт “з усімі ключавымі авіяцыйнымі заводамі Расіі”, аднак на паўнавартасную праграму загрузкі беларускіх вытворчых магутнасцяў не выйшлі.

У студзені 2024 года Пётр Пархомчык, які займаў на той момант пасаду віцэ-прэм’ера (цяпер старшыня Брэсцкага аблвыканкама), заяўляў, што першыя беларуска-расійскія самалёты плануецца выпусціць да 2026 года. З яго слоў вынікала, што да 2030 года іх колькасць складзе “85–100 адзінак”.

У 2023 годзе падчас візіту Рамана Галоўчанкі, які працаваў у той час прэм’ер-міністрам (цяпер старшыня Нацбанка), у Екацярынбургу паміж ААТ “558-ы авіяцыйны рамонтны завод” і расійскім АТ “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі” было падпісана пагадненне аб стварэнні 19-мясцовага двухматорнага самалёта.

Беларуска-расійскі самалёт “Асвей” будзе аналагічны чэшскаму L410, амерыканскай мадэлі Cessna і швейцарскаму Pilatus, заяўляў летась у траўні галоўны інжынер завода ў Баранавічах Андрэй Тучын.

Падзяліцца: