Мінск 13:04

Беларусь і Зімбабвэ збіраюцца супрацоўнічаць у мытных справах

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Зімбабвэ (2023 год)
Архіўнае фота: прэс-служба прэзідэнта Зімбабвэ

25 жніўня, Позірк. Праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Зімбабвэ аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах ухвалены ў якасці асновы для правядзення перамоў указам № 291 ад 24 жніўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным 25 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, правесці перамовы па праекце пагаднення і пасля яго падпісаць належыць Дзяржаўнаму мытнаму камітэту.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Зімбабвэ 30 студзеня — 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка зімбабвійскага прэзідэнта Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў была ў Беларусі з візітам. На сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск яе мужа Эмерсана Мнангагвы.

Такі візіт адбыўся ўвесну 2025 года: па выніках перамоў 14 траўня ў беларускай сталіцы Лукашэнка і Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнай двухбаковай супрацы і партнёрства на 2026–2030 гады.

На сустрэчы са старшынёй Сената гэтай краіны Мейбл Мемары Чынамонай 26 лютага 2026 года ў Мінску Лукашэнка “пацвердзіў арыенцір на дасягненне на працягу найбліжэйшых гадоў тавараабароту з Зімбабвэ ў 100 млн долараў”.

Тады ж паведамлялася, што па выніках мінулага года двухбаковы тавараабарот склаў больш за 26 млн долараў.

З “кароткатэрміновым працоўным візітам”, які не анансаваўся, прэзідэнт Зімбабвэ наведаў Мінск 15 траўня 2026 года.

Падзяліцца: