Мінск 20:01

Зяленскі на словы Ціханоўскай: Еўропа не можа дазволіць сабе страціць аніводную нацыю, якая імкнецца да незалежнасці

Архіўнае фота: прэс-служба Ціханоўскай

25 жніўня, Позірк. Еўропа “не можа дазволіць сабе страціць аніводную нацыю, якая імкнецца да сапраўднай незалежнасці”, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Такім чынам ён адрэагаваў на віншаванне беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з Днём Незалежнасці Украіны.

“Не менш важна, каб Беларусь не была ўцягнутая ў жорсткую вайну Расіі і ў выніку стала дэмакратычнай, адкрытай і мірнай краінай” — напісаў украінскі палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

“Украіна ўдзячная тым беларусам, якія разам з украінскімі вайскоўцамі абараняюць нашу агульную свабоду”, — дадаў ён.

24 жніўня Ціханоўская, віншуючы Зяленскага і народ Украіны з нацыянальным святам, адзначыла, што сапраўдная Беларусь — гэта не Аляксандр Лукашэнка, які надаў Расіі беларускую зямлю для нападу на Украіну, не яго “прапаганда, генералы”, а беларусы, якія “выбралі свабоду і сталі побач з Украінай”.

У сваю чаргу Лукашэнка, віншуючы народ Украіны з Днём Незалежнасці, выказаў упэўненасць у тым, што “нягледзячы на геапалітычныя ўзрушэнні, будучыя пакаленні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць спрадвечныя сяброўскія і роднасныя сувязі”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: