Мінск 14:44

Ва Украіне зарэгістраваны законапраект аб спрошчанай легалізацыі беларусаў

Бел-чырвона-белыя сцягі ў Вярхоўнай Радзе Украіны
Архіўнае фота: Аксана Саўчук

25 жніўня, Позірк. Пра рэгістрацыю законапраекта, які прадугледжвае асаблівы прававы статус і ўмовы інтэграцыі беларускіх грамадзян ва Украіне падчас ваеннага становішча, паведаміў у сваім тэлеграм-канале член міжфракцыйнай групы Вярхоўнай Рады “За дэмакратычную Беларусь” Аляксей Ганчарэнка.

У выпадку прыняцця адпаведнага закона грамадзяне Беларусі, якія легальна ўязджаюць ва Украіну, змогуць атрымаць “інтэграцыйны дазвол на жыхарства” тэрмінам на тры гады. Ён дасць права працаваць, весці бізнес і карыстацца сацыяльнай абаронай.

Пасля трох гадоў пражывання ва Украіне беларусы змогуць падаць дакументы на атрыманне ўкраінскага грамадзянства. Для гэтага спатрэбіцца прайсці праверку кампетэнтных органаў, а таксама здаць іспыты на веданне ўкраінскай мовы і гісторыі краіны.

Ганчарэнка назваў прапанаваныя меры “пазітыўнай дыскрымінацыяй” беларусаў, патлумачыўшы такую этнічнай, рэлігійнай і гістарычнай блізкасцю двух народаў.

“Наша задача — даць ім усе магчымасці жыць, нараджаць дзяцей, ствараць сем’і, будаваць бізнесы і быць часткай нашай вялікай краіны”, — заявіў дэпутат.

“Легалізацыя беларусаў, увекавечанне памяці загінулых у вайне супраць Расіі — гэта звычайныя рэчы, зразумелыя для ўмоў мірнага часу, але ва ўмовах ваеннага часу гэта ўсё сапраўды адкладаецца на потым”, — заявіў на канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня ў Варшаве адказны за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі амбасадар МЗС Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор.

Падзяліцца: