Мінск 22:16

Пад рэпрэсіі па “справе ЕГУ” трапіла сама меней 175 чалавек — праваабаронцы

Ілюстрацыя: ehu.lt

17 жніўня, Позірк. На 17 жніўня вядомыя прозвішчы больш за 110 студэнтаў і іх родных у Беларусі, якія зведалі пераслед за навучанне ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Усяго пад рэпрэсіі трапіла 175 чалавек. Пры гэтым “колькасць пацярпелых можа быць значна большай, бо ўлады спрабуюць схаваць рэпрэсіі, а людзі баяцца перадаваць звесткі“.

Праваабаронцам вядома пра больш чым 60 ператрусаў па справе на пачатку чэрвеня.

“Бацькоў вымушаюць звязвацца з дзецьмі, якія вучацца ў ЕГУ і жывуць у Літве, каб тыя адлічыліся і вярнуліся ў Беларусь. Ім даюць да дзесяці дзён на выключэнне з універсітэта. Сілавікі наўпрост кажуць: калі дзеці не адлічацца з ЕГУ, то па крымінальнай справе будуць затрыманыя іх бацькі“, — адзначае “Вясна“.

Праваабаронцы маюць інфармацыю пра затрыманне некаторых сваякоў студэнтаў. Таксама супрацоўнікі КДБ прыходзяць да выпускнікоў ВНУ і патрабуюць даць дыпломы аб яго заканчэнні.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў працуючыя ў сталіцы Літвы ЕГУ і структурныя падраздзяленні “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на беларускай тэрыторыі забароненая.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, распачатая крымінальная справа за садзейнічанне і фінансаванне “экстрэмісцкай дзейнасці”.

У канцы чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што “пагалоўна, без разбору прыцягваць да адказнасці, скажам так, студэнтаў, асоб, якія мелі нейкае дачыненне да гэтай арганізацыі, натуральна, ніхто не будзе”.

6 жніўня паведамлялася, што праваабаронцам вядома пра 183 факты пераследу па “справе ЕГУ“.

Падзяліцца: