Мінск 18:49

У Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, што цяпер ствараецца, маглі б вынайсці сродак барацьбы з дронамі, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

4 жніўня, Позірк. У Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, магчыма, змогуць вынайсці “прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі”, які “абнуліць значэнне і ролю БПЛА”, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня на нарадзе па стварэнні гэтай установы.

Паводле слоў спікера, якія прыводзіць яго прэс-служба, новая ўстанова мае стаць не “другім фундаментальным напрамкам” у беларускай навуцы, а цэнтрам прыкладных распрацовак. “Стварыць трэба тое, што будзе патрэбна заўтра і паслязаўтра”, — адзначыў ён.

Пры гэтым палітык раскрытыкаваў стан фундаментальнай навукі ў Беларусі. Паводле яго сцвярджэння, навукоўцы “шмат кажуць і абяцаюць”, аднак “рэальных прарыўных ідэй не генеруюць”. “Фундаментальнай навукі няма, а прыкладныя ў нас хоць нешта робяць, але робяць мала”, — заявіў Лукашэнка.

Спікер таксама выказаў меркаванне, што ў новай акадэміі не павінна быць узроставых абмежаванняў. Паводле яго слоў, туды варта прымаць таленавітых людзей незалежна ад узросту, бо “для перадавых, прарыўных ідэй і распрацовак часта важныя досвед, атрыманы ў жыцці і прафесійнай дзейнасці”.

Як заявіў Лукашэнка, акадэмія не павінна ператварыцца “ў шараговую ВНУ або проста пастаўшчыка дыпломаў”. Мяркуецца, што яна будзе рыхтаваць спецыялістаў у сферах штучнага інтэлекту, новых матэрыялаў, лічбавай прамысловасці і квантавых тэхналогій, а таксама стане адным з ключавых інструментаў забеспячэння “тэхналагічнага суверэнітэту” краіны.

Палітык даручыў “не зацягваць са стварэннем” новай установы і “прыняць канчатковае рашэнне па праекце ў найбліжэйшы час”.

3 траўня камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў, што падпарадкаваныя яму падраздзяленні “практычна штодня” фіксуюць парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.

Паводле яго сцвярджэння, у першую чаргу гэта звязана са складаным геаграфічным становішчам Беларусі: “Бо мы маем выступы як на тэрыторыі Украіны, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, на поўдні, на ўсходзе. Таму тыя маршруты, якія праходзяць міма нашых межаў, бывае, беспілотныя лятучыя апараты адхіляюцца і парушаюць паветраную прастору, у тым ліку сродкі радыёэлектроннай барацьбы ўплываюць на маршрут палёту”.

Са слоў Лук’яновіча вынікае, што перахопліваюцца не ўсе дроны: “Калі гэтая паветраная цэль нясе пагрозу нашым крытычна важным аб’ектам, то гэтая цэль знішчаецца”.

І Масква, і Кіеў шырока выкарыстоўваюць беспілотнікі ў паўнамаштабнай вайне, якую Расія пачала супраць Украіны 24 лютага 2022 года, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: