Мінск 01:13

Польскія памежнікі не далі вывезці ў Беларусь “Фальксваген“, які адшукваўся ў Швецыі

31 жніўня, Позірк. Аб прадухіленні вывазу ў Беларусь аўтамабіля “Фальксваген” коштам 220 тыс. злотых (каля 59 тыс. долараў ЗША) паведаміла прэс-служба Надбужанскага аддзела памежнай аховы Польшчы.

Грамадзянін Польшчы спрабаваў перасекчы мяжу праз аўтамабільны пункт пропуску ў Цярэспалі (з беларускага боку Брэст) на “Фальксваген Тыгуан”. Падчас памежнага кантролю высветлілася, што машына знаходзіцца ў вышуку на тэрыторыі Швецыі.

Аўтамабіль і кіроўца перададзеныя паліцыі. Па справе распачатая папярэдняя вытворчасць.

Паведамляецца, што з пачатку 2026 года супрацоўнікі Надбужанскага аддзела памежнай аховы (мяжа з Беларуссю і Украінай) выявілі і канфіскавалі 94 транспартныя сродкі, агульны кошт якіх перавышае 9 млн злотых (больш за 2,4 млн долараў).

Як паведамляў Позірк, аналагічная спроба перагнаць у Беларусь аўтамабіль, які знаходзіўся ў вышуку, была спыненая ў Цярэспалі 9 чэрвеня.

Падзяліцца: