Мінск 21:52

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі вядомага падатковага адваката Шпакоўскага за “правіну, не сумяшчальную“ з гэтым званнем

Раман Шпакоўскі
Фота: advokat.by

31 жніўня, Позірк. Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі 31 жніўня прыняла “рашэнне аб спыненні ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да адваката Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Шпакоўскага Р. І.“, паведамляе ведамства.

Падставай “паслужыла здзяйсненне Шпакоўскім Р.І. правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката (ажыццяўленне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)“.

Крыніца Позірку пацвердзіла, што гаворка ідзе пра адваката Рамана Шпакоўскага, які атрымаў адвакацкую ліцэнзію ў 2020 годзе.

На сайце Беларускай калегіі адвакатаў адзначаецца, што спецыялізацыі Шпакоўскага ўключаюць беларускае і міжнароднае падаткаабкладанне, у тым ліку прадстаўленне інтарэсаў “у спрэчках з падатковымі і кантралюючымі органамі (ДФР, КДБ)“, абскарджанне рашэнняў па праверках і працу па наступствах праверак.

Ён аўтар папулярнага ў прафесіяналаў тэлеграм-канала “Налоги, бизнес и рок-н-ролл” (2.873 падпісчыка). Апошняя публікацыя на канале была 25 жніўня.

З фармулёўкай аб дыскрэдытацыі звання адваката ў Беларусі пазбаўляюць ліцэнзіі не ўпершыню. Тлумачэнняў пры гэтым грамадскасці не даюць.

Сістэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся не залежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы па палітычных матывах, асобныя прызнаныя палітвязнямі.

Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем“ і “дзейнічаць паводле закона, а не нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабодаў“.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: