Мінск 17:28

Расіянін спрабаваў завезці з Літвы праз Беларусь для суайчынніцы 2 кг альфа-PVP у музычнай калонцы

31 жніўня, Позірк. Аб спыненні гродзенскімі мытнікамі ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС 2 кг асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, схаванага ўнутры музычнай калонкі, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Адзначаецца, што калонку перамяшчаў праз мяжу грамадзянін Расіі, які прыбыў з Літвы ў пункт пропуску “Беняконі“. Мужчына заявіў, што не мае тавароў, якія забароненыя да ўвозу або падлягаюць дэклараванню.

Аднак пры сканаванні багажу былі выяўленыя даўкладанні “ў музычнай сістэме”, з якой вынята шэсць скруткаў з крышталічным рэчывам.

Згодна з вынікамі экспертызы, канфіскаваным рэчывам выявіўся псіхатроп альфа-PVP.

Паводле сцвярджэння грамадзяніна, пра змесціва калонкі ён не ведаў, пагадзіўся перавезці яе ў Маскву за ўзнагароджанне.

Як паведамляе ДМК, “пры правядзенні далейшых кантрольных мерапрыемстваў з Федэральнай мытнай службай Расійскай Федэрацыі ўстаноўлены чалавек, на адрас якога ішла “пастаўка“, — 44-гадовая грамадзянка Расіі“.

На яе заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3281 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Ці з’яўляецца фігурантам справы непасрэдны перавозчык псіхатропнага рэчыва, прэс-служба ДМК не паведамляе.

Падзяліцца: