Мінск 19:44

У Мастоўскім раёне жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да пяці дзяцей, у Камянецкім — трох

31 жніўня, Позірк. У Мастоўскім раёне (Гарадзенская вобласць) жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да пецярых дзяцей, у Камянецкім (Берасцейская вобласць) — трох, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на абласныя наглядныя ўстановы.

З іскавай заявай аб пазбаўленні 34-гадовай жанчыны бацькоўскіх правоў звярнуўся ў суд пракурор Мастоўскага раёна. Праверкай устаноўлена, што непаўналетнія (2015, 2016, 2020, 2021 і 2022 гадоў нараджэння) у сакавіку 2025 года былі прызнаныя такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, са снежня 2025 года — што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

“Маці дзяцей не забяспечвала іх асноўныя жыццёвыя патрэбы: дома сістэматычна адсутнічалі свежапрыгатаваная ежа і прадукты харчавання, якія адпавядаюць фізіялагічным патрэбам дзіцячага арганізма, не падтрымліваліся належныя санітарна-бытавыя ўмовы. Акрамя таго, у дачыненні да жанчыны ўстаноўленыя факты нямэтавага расходавання грашовых сродкаў, якія атрымліваюцца на дзяцей (дапамогі, аліменты). Пры гэтым яна, будучы абавязанай асобай і не паведаміўшы кампетэнтныя органы, пераехала жыць да сужыцеля“, — гаворыцца ў паведамленні.

З моманту знаходжання малалетніх у дзіцячым сацыяльным прытулку маці “не распачала мер па стварэнні належных умоў для іх пражывання і выпраўленні сітуацыі, якая склалася”.

На судзе маці з пазовам не пагадзілася. Судовае рашэнне моц не набыло, можа быць абскарджана і апратэставана ў апеляцыйным парадку.

Пракуратура Камянецкага раёна ў інтарэсах трох малалетніх, чыя маці не змагла наладзіць побыт і пачаць належным чынам выконваць абавязкі па выхаванні дзяцей, звярнулася ў суд з іскавай заявай аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў. Жанчына пазбаўленая бацькоўскіх правоў у дачыненні да дзяцей 11, 8 і 5 гадоў.

У 2014 годзе яе ўжо пазбаўлялі бацькоўскіх правоў у дачыненні да чатырох дзяцей. У 2015 годзе яна нарадзіла дзіця і “некаторы час пад кантролем дзяржаўных органаў належным чынам клапацілася пра яго“, адзначае пракуратура.

Далей “з іншымі сужыцелямі яна стала мамай яшчэ двойчы, але ў яе паводзінах і ладзе жыцця адбыліся негатыўныя змены“: жанчына ігнаравала медыцынскія рэкамендацыі ў дачыненні да дзяцей, перыядычна пакідала іх без нагляду.

Як паказалі праверкі, маці фактычна самаўхілілася ад выхавання і ўтрымання сваіх дзяцей: умовы пражывання былі антысанітарнымі, а сама жанчына не займаючыся развіццём дзяцей, адзначае нагляднае ведамства.

Пра бацькаў дзяцей у першым і другім выпадку нічога не паведамляецца.

У 2025 годзе бацькоўскіх правоў было пазбаўлена 3.065 чалавек (у 2024-м — 3.155): 1.220 жанчын (доля 39,8%) і 1.845 мужчын (60,2%). У 2024 годзе бацькоўскія правы страцілі 1.267 жанчын (40,2%) і 1.888 мужчын (59,8%).

Летась суды разгледзелі 2.751 справу аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў (у 2024-м — 2.828). Задаволена 2.507 пазоваў (2.558).

Паводле судовай статыстыкі, летась былі разгледжаныя справы аб пазбаўленні адпаведных правоў у дачыненні да 664 маці (з іх 165 адзінокіх) і 1.261 бацькі. Рашэнне пазбавіць гэтых правоў у абодвух бацькоў суды вынеслі ў 556 выпадках.

Падзяліцца: