Мінск 21:10

Браканьер у Мсціслаўскім раёне здабыў 740 чырвонакніжных ракаў, распачата крымінальная справа

Фота: gosinspekciya.gov.by

29 ліпеня, Позірк. Пра пачатак Следчым камітэтам крымінальнай справы за здабычу шыракапалых ракаў паведаміла Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.

Адзначаецца, што супрацоўнікі міжраённай інспекцыі затрымалі мужчыну “пры праверцы інфармацыі аб незаконнай здабычы водных біярэсурсаў у рыбалоўных угоддзях Мсціслаўскага раёна“ (Магілёўская вобласць).

Паводле даных інспекцыі, парушальнік з дапамогай 17 ракаловак здабыў 740 асобін шыракапалага раку, які не з’яўляецца аб’ектам рыбалоўства і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Агульная вага ўлову склала 24,5 кг.

Памер прычыненай навакольнаму асяроддзю шкоды ацэнены ў 3.330 базавых велічынь (149.850 рублёў). Пры гэтым інспектары змаглі выратаваць 411 ракаў, якіх выпусцілі ў натуральнае асяроддзе пражывання.

Як сцвярджаецца, затрыманы прызнаў, што ведаў пра ахоўны статус ракаў і здабываў іх дзеля нажывы. Паводле яго слоў, ён выкарыстоўваў ракаў у якасці “жывой валюты“, расплачваўся імі з іншымі людзьмі за аказаныя паслугі.

Справа распачата паводле ч. 4 арт. 281 Крымінальнага кодэкса (незаконная здабыча рыбы або іншых водных жывёл).

Даведка “Позірку. Згодна з санкцыяй дадзенай часткі артыкула, незаконная здабыча рыбы або іншых водных жывёл, у тым ліку з выкарыстаннем прылад лоўлі, прынцыпы працы якіх заснаваныя на выкарыстанні электрамагнітнага поля, ультрагуку, або шляхам выбуху, якая пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў са штрафам.

Падзяліцца: