Мінск 19:45

Былы міліцыянер асуджаны ў Гродне да 10 гадоў пазбаўлення волі за гандаль наркотыкамі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 ліпеня, Позірк. Суд Гродзенскага раёна 21 ліпеня 2026 года асудзіў 24-гадовага жыхара абласнога цэнтра да 10 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 150 базавых велічыняў (6.750 рублёў).

Як паведамляе Вярхоўны суд, мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Ён таксама пазбаўлены “спецыяльнага звання старшы сяржант міліцыі запасу”, у яго канфіскаваны мабільны тэлефон “як сродак здзяйснення злачынства”, гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з прысудам, абвінавачаны з карыслівых матываў у сярэдзіне верасня 2025 года “добраахвотна ўвайшоў у склад устойлівай арганізаванай групы, якая дзейнічала ў Беларусі і займалася збытам наркотыкаў і псіхатропаў праз інтэрнэт, дзе выконваў ролю закладчыка”.

З сярэдзіны верасня да лістапада 2025 года ён “паводле ўказанняў куратараў” набыў праз месенджар “Тэлеграм” “шляхам вымання са схованак у Брэсце і Гродне майстар-склады з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP агульнай масай не менш за 94,4808 грама”. Такая партыя псіхатропу “адпавядае буйному памеру”, яе фігурант “перавозіў і захоўваў пры сабе і па месцы жыхарства”.

“Падзяліўшы рэчыва на часткі, ён расфасаваў яго і размясціў у схованках на тэрыторыі Гродна, Гродзенскага раёна і іншых рэгіёнаў, перадаўшы куратарам не менш за 278 пазіцый з закладкамі да свайго затрымання”, — адзначае ВС.

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту” (ч. 1 арт. 328 КК), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту” (ч. 2–5 арт. 328 КК).

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных па “наркатычных” артыкулах Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024 годам.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024 годзе — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: