Мінск 19:19

У Баранавічах арыштаваны падлетак — абвінавачваецца ў закладцы наркотыкаў

15 ліпеня, Позірк. Пра арышт 17-гадовага жыхара Баранавіцкага раёна паведаміла пракуратура Брэсцкай вобласці.

Падазраваны, “выконваючы ў злачыннай супольнасці ролю кур’ера-закладчыка, незаконна з мэтай збыту набыў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — мефедрон, з якога неабходна было зрабіць 100 закладак”, адзначае наглядны орган.

У пачатку ліпеня ён расфасаваў псіхатропнае рэчыва і расклаў “закладкі” на тэрыторыі раёна, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што раней падлетак не меў праблем з законам, аднак “індывідуальная прафілактычная праца з ім не праводзілася”. Фігурант з’яўляўся навучэнцам аднаго з каледжаў.

Крымінальная справа распачатая паводле ч. 4 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Намеснік Баранавіцкага міжраённага пракурора Аляксандр Круцько санкцыянаваў заключэнне падлетка пад варту, “зыходзячы з цяжкасці і грамадскай небяспекі злачынства”.

“Прыняцце працэсуальнага рашэння праходзіла ва ўстанове адукацыі ў прысутнасці навучэнцаў. Мэта такіх мерапрыемстваў — папярэдзіць моладзь і наглядна прадэманстраваць прававыя наступствы злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў”, — адзначана ў рэлізе.

Санкцыі згаданага артыкула прадугледжваюць пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ці без штрафу.

Пра затрыманне 16-гадовага жыхара Оршы (Віцебская вобласць) за збыт наркотыкаў, 9 ліпеня паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў.

Фігурант узяты з доказамі злачынства ў Магілёўскай вобласці “пры выкананні чарговага задання”. Пры ім, а таксама ў тайніках на тэрыторыі Бабруйскага (Магілёўская вобласць) і Аршанскага раёнаў знойдзена і канфіскавана больш за 200 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва “Альфа-PVP”.

Паводле следства, “злачынная кар’ера падлетка доўжылася менш за месяц”.

Крымінальная адказнасць за распаўсюд наркотыкаў надыходзіць у Беларусі з 14 гадоў.

Як паведамляў “Позірк, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных“ артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: