Узбекістан анансаваў адкрыццё ў Віцебску міграцыйнага агенцтва для працаўладкавання суайчыннікаў

15 ліпеня, Позірк. “Пытанні арганізаванага працаўладкавання грамадзян” у Беларусі абмяркоўваліся 15 ліпеня ў Ташкенце на нарадзе з удзелам прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паведамляе яго прэс-служба.
Як адзначаецца ў рэлізе, “на першым этапе” ў Беларусі плануецца працаўладкаваць на конкурснай аснове 1.100 грамадзян Узбекістана, плануецца, што яны будуць працаваць на 13 прадпрыемствах “Віцебскай і іншых абласцей”.
Актыўнасць на гэтым кірунку чакаецца ўжо ў верасні, вынікае з паведамлення. Чакаецца, што штомесяц працай у Віцебскай вобласці будуць забяспечвацца 500 жыхароў Андзіжанскай вобласці, усяго працу павінны атрымаць 5 тыс. працоўных мігрантаў.
Для гэтых мэтаў у Віцебску “будзе адкрыта прадстаўніцтва Агенцтва міграцыі Узбекістана”, адзначае прэс-служба Мірзіёева.
На нарадзе адзначана неабходнасць “сфарміраваць спісы грамадзян і прадпрымальнікаў, якія жадаюць працаваць або займацца бізнесам у Беларусі”. Пасля гэтага іх будуць “накіроўваць у гэтую краіну арганізавана, пасля ўзгаднення і вырашэння з беларускім бокам пытанняў працоўнага месца, умоў пражывання, выдзялення неабходных для праекта памяшканняў і зямельных участкаў”.
Як паведамляецца, 255 жыхароў Андзіжанскай вобласці раней былі “арганізавана накіраваны і працаўладкаваны ў Віцебскай вобласці”.
Заяўляецца, што Мінск і Ташкент дамовіліся аб рэалізацыі новых праектаў на базе 11 жывёлагадоўчых комплексаў. Кожны з іх разлічаны на ўтрыманне ад 200 да 3 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы і мае “дастатковыя кармавыя ўгоддзі”.
У цэлым у Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнах Беларусі сфарміраваны пакет з 30 новых праектаў агульным коштам звыш 100 млн долараў у сферах жывёлагадоўлі, перапрацоўкі драўніны, лагістыкі, гандлю і паслуг.
“Плануецца стварэнне буйнога малочнага комплексу, разлічанага на 3 тыс. галоў БРЖ, шэрагу жывёлагадоўчых гаспадарак сярэдняга маштабу, а таксама прадпрыемства па глыбокай перапрацоўцы драўніны і вытворчасці пелет з драўняных адходаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Мірзіёеў даручыў распаўсюдзіць сфарміраваную паміж Андзіжанскай і Віцебскай абласцямі мадэль супрацоўніцтва і на іншыя рэгіёны. У прыватнасці, Бухарская, Кашкадар’інская, Наваійская, Наманганская, Ташкенцкая, Ферганская, Самаркандская і Сурхандар’інская вобласці будуць замацаваныя за Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцямі.
Паведамляецца, што на нарадзе таксама разгледжаны пытанні стварэння “сучаснай лагістычнай інфраструктуры ў мэтах актывізацыі ўзаемнага гандлю і зніжэння выдаткаў на грузаперавозкі”.
Да канца года ва ўзаемадзеянні з Беларускай чыгункай плануецца ўвесці ў эксплуатацыю “інтэрмадальны лагістычны цэнтр на станцыі Орша” (Віцебская вобласць), які будзе абслугоўваць “экспартна-імпартныя грузы на льготных тарыфных умовах”.
Пастаўлена задача спрыяць ўзбекскім прадпрымальнікам у адкрыцці банкаўскіх рахункаў у Беларусі, пералічэнні сродкаў у статутны капітал і прыцягненні фінансавых рэсурсаў для іх праектаў.
На сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі. Паводле яго слоў, краіне “патрэбны людзі, і пажадана з Узбекістана”.
У той жа дзень Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі паведаміла, што Мінск і Ташкент запусцяць “новы механізм арганізаванага працаўладкавання”. Гэта вынікае з падпісанага 9 ліпеня ў Мінску кіраўніком ведамства Андрэем Лабовічам і міністрам замежных спраў азіяцкай дзяржавы Бахціёрам Саідавым міжурадавага пагаднення аб “арганізаваным наборы і працаўладкаванні” грамадзян Узбекістана для “ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі”.
“Будзе дзейнічаць механізм арганізаванага набору замежных работнікаў, які дазволіць упарадкаваць працэсы працоўнай міграцыі і садзейнічаць забеспячэнню наймальнікаў неабходнымі кадрамі”, — гаварылася ў рэлізе Мінпрацы.
Так, Агенцтва міграцыі пры ўрадзе Узбекістана або іншая ўпаўнаважаная структура будзе падбіраць кандыдатаў у адпаведнасці з “патрабаваннямі беларускіх наймальнікаў, кваліфікацыяй, досведам працы, адсутнасцю захворванняў, якія перашкаджаюць працаўладкаванню, і іншымі крытэрыямі”.
Таксама яно будзе ўзгадняць свае дзеянні з беларускімі наймальнікамі і забяспечваць узгадненне праектаў працоўных дагавораў да выезду кандыдатаў у Беларусь.
Кіраўнікі прадпрыемстваў будуць несці персанальную адказнасць за кожнага нанятага работніка з Узбекістана, заявіў Лукашэнка 13 ліпеня падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць).
Паводле яго слоў, у Беларусі гатовы прымаць на працу грамадзян гэтай азіяцкай дзяржавы, каб закрыць кадравыя патрэбы.
14 ліпеня паведамлялася, што ў Віцебскай вобласці плануецца працаўладкаваць 5 тыс. грамадзян Узбекістана. Гаворка ідзе пра жыхароў Андзіжанскай вобласці, чакаецца, што яны пачнуць прыязджаць у Беларусь групамі па 500 чалавек, пачынаючы з верасня.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБелстат: У першым паўгоддзі цяплічных памідораў вырашчана больш, агуркоў — менш (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДоля кіберзлачынстваў перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных злачынстваў, колькасць пацярпелых дзяцей вырасла на 70% — МУС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


