Мінск 20:11

АПК прапанаваў змяніць правілы легалізацыі, выплат і доступу да паслуг для беларусаў ва Украіне

Ілюстрацыя: АПК

15 ліпеня, Позірк. Беларускія грамадзяне, якія праз рызыку палітычнага пераследу не могуць звярнуцца ў дзяржаўныя органы Беларусі для абнаўлення дакументаў, сутыкаюцца ва Украіне з праблемамі легалізацыі, доступу да сацыяльных выплат і банкаўскіх паслуг. Рашэнне гэтых пытанняў прапанаваў абмеркаваць Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) на пасяджэнні часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале АПК, намесніца прадстаўніка кабінета па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет прадставіла дэпутатам пералік праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне, а таксама прапанавала захады па іх вырашенні.

У прыватнасці, як адзначаецца, адной з праблем застаецца немагчымасць для часткі беларусаў бяспечна атрымаць або абнавіць пашпарт, паколькі зварот у дзяржаўныя органы Беларусі можа ствараць для іх рызыку палітычнага пераследу. У сувязі з гэтым украінскаму боку прапанавана ўдасканаліць механізмы легалізацыі, каб такія людзі маглі захоўваць легальны статус без неабходнасці звяртацца да беларускіх уладаў.

Таксама абмяркоўвалася праблема сацыяльных гарантый. На думку Махамет, неабходна змяніць адпаведныя пастановы ўрада Украіны, каб грамадзянства Беларусі не станавілася прычынай для адмовы ў сацыяльных выплатах. Асобна падымалася пытанне дапамогі сем’ям зніклых без вестак і загінулых беларускіх добраахвотнікаў.

Было адзначана, што складанасці ўзнікаюць і пры спробе адкрыць банкаўскія рахункі ва Украіне: праз абмежаванні многія грамадзяне Беларусі не могуць карыстацца банкаўскімі паслугамі, што ў далейшым перашкаджае іх афіцыйнаму працаўладкаванню.

Асобнага рашэння патрабуюць дакументальныя працэдуры: атрыманне даведак аб адсутнасці судзімасці, пацвярджэнне статусу і іншыя фармальнасці, якія для беларусаў могуць быць звязаныя са зваротам у беларускія ўстановы і, адпаведна, з рызыкай пераследу.

Махамет таксама ўказала на існуючы прабел у заканадаўстве, які датычыцца беларусак, што знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянамі Украіны. Паводле яе слоў, асобныя механізмы легалізацыі цяпер прадугледжаны для жонак украінскіх ваеннаслужачых, але яны не распаўсюджваюцца на жанчын, чые мужы не маюць статусу ваеннаслужачых.

У АПК лічаць, што змены павінны ўлічваць не толькі патрэбы сем’яў украінскіх вайскоўцаў, але і іншых грамадзян Беларусі, якія праз немагчымасць абнавіць дакументы могуць страціць права на легальнае знаходжанне ва Украіне.

Паведамляецца, што па выніках пасяджэння камісія папрасіла падрыхтаваць пісьмовыя прапановы па змяненні заканадаўства і падзаконных актаў. Дэпутаты заявілі пра гатоўнасць сумесна прапрацаваць іх з украінскім урадам, Дзяржаўнай міграцыйнай службай і Нацыянальным банкам Украіны, а пры неабходнасці — ініцыяваць адпаведныя заканадаўчыя змены.

Падзяліцца: