Мінск 13:11

Устаноўлены падазраваны ў забойстве расіяніна 17 гадоў таму ў Буда-Кашалёўскім раёне

15 ліпеня, Позірк. Аб устанаўленні падазраванага ў забойстве мужчыны ў Буда-Кашалёўскім раёне (Гомельская вобласць) 17 гадоў таму і аднаўленні папярэдняга расследавання па гэтай крымінальнай справе паведамляе Следчы камітэт.

Цела было знойдзена 25 сакавіка 2009 года побач з чыгуначнай каляінай паблізу в.Калініна. На ім “прысутнічалі відавочныя прыкметы гвалтоўнай смерці”“

Раённай пракуратурай была ўзбуджаная справа паводле ч. 1 арт. 139 (забойства). Падчас расследавання высветлілася, што загінулы — “42-гадовы жыхар Бранскай вобласці Расіі, які злоўжывае спіртным раней судзімы“.

Прычынай смерці з’явілася тупая траўма цела. Раскрыць злачынства не ўдалося.

Сёлета “ад расийскіх калег паступіла значная для следства інфармацыя”. У выніку ўстаноўлены падазраваны ў забойстве — 58-гадовы неаднаразова судзімы жыхар таго ж рэгіёну РФ.

Паводле інфармацыі МУС, фігурант быў знаёмы з ахвярай і напярэдадні здарэння дапамагаў яму ў продажы дома, атрымаўшы частку прыбытку ад здзелкі. Затым паабяцаў працаўладкаваць пацярпелага ў Беларусі. Па шляху паміж імі здарыўся канфлікт, які прывёў да трагедыі, гаворыцца ў паведамленні.

У цяперашні час падазраваны ўтрымліваецца пад вартай у сябе на радзіме па абвінавачванні ў забойстве сям’і з чатырох чалавек, здзейсненым у 1997 годзе.

Сілавыя ведамствы рэгулярна даюць справаздачу аб раскрыцці злачынстваў шматгадовай даўнасці. Як правіла, гэта звязана з новымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобы падазраваных з дапамогай экспертызы біяматэрыялаў. 

Падзяліцца: