Мінск 16:13

У сажалцы ў Калінкавічах патануў мужчына

Фота: ТРВОД

15 ліпеня, Позірк. Пра ўтапленне ў Калінкавічах (Гомельская вобласць) мужчыны 1978 года нараджэння паведамляе Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Адзначаецца, што ўвечары 13 ліпеня “ён са знаёмым адпачываў на беразе сажалкі і ў нейкі момант вырашыў асвяжыцца”.

“Мужчына зайшоў у ваду і знік з-пад увагі. Патанулага недалёка ад берага знайшоў яго знаёмы”, — гаворыцца ў паведамленні.

ТРВОД нагадаў, што “купанне ў неналежным месцы можа прывесці да трагедыі”.

Ад пачатку 2026 года да 8 ліпеня ў вадаёмах патанулі сем непаўналетніх (у 2025-м за той жа перыяд — восем) і 103 дарослыя (130), заяўляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Павел Зайцаў.

Ад 1 траўня, паводле даных Генпракуратуры, ад адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.42 КаАП за купанне ў забароненых месцах рэк, азёр або іншых вадаёмаў вызвалена больш за 1.500 грамадзян. Ім вынесены папярэджанні.

Прадстаўніца ТРВОД Ганна Новікава паведаміла, што ў Беларусі функцыянуе 340 ратавальных аб’ектаў, у тым ліку 68 ратавальных станцый, 113 стала дзеючых і 159 сезонных ратавальных пастоў.

Паводле яе слоў, у краіне 518 арганізаваных месцаў адпачынку ля вады, з іх 23 адкрыты ў 2026 годзе.

З пачатку траўня былі выратаваныя 111 чалавек, якія танулі, з іх 36 дзяцей. З агульнай колькасці 70 чалавек выратавалі супрацоўнікі ТРВОД, адзначыла Новікава.

Падзяліцца: