Мінск 12:20

Ціханоўская: Беларусы стаяць побач з украінцамі ў барацьбе супраць тыраніі

Ілюстрацыя: pixabay.com

15 ліпеня, Позірк. Беларусы стаяць побач з украінцамі ў “агульнай барацьбе супраць тыраніі і за еўрапейскую будучыню, у якой кожны народ сам вызначае свой лёс”, заявіла 15 ліпеня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў віншаванні народу Украіны з Днём дзяржаўнасці ў сацсетцы Х.

“Сёння ўкраінская дзяржаўнасць абараняецца з вялікай мужнасцю, самаахвяраваннем і любоўю да свабоды”, — напісаў яна.

Дзень Украінскай дзяржаўнасці адзначаецца з 2022 года. Устаноўлены прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у 2021-м.

Першапачаткова адзначаўся 28 ліпеня — у Дзень хрышчэння Кіеўскай Русі і памяці князя Уладзіміра Вялікага. У 2023 годзе перанесены на 15 ліпеня пасля пераходу ў краіне праваслаўнай царквы на новы каляндар.

Ціханоўская наведвала Украіну 25–26 траўня, сустракалася з Зяленскім.

Палітык паслядоўна выказвае падтрымку Кіеву ў сувязі з расейскай агрэсіяй і падкрэслівае права ўкраінскага народа на незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: