Мінск 20:15

За карупцыю асуджаны былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама і тры кіраўнікі

13 ліпеня, Позірк. За карупцыю асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама (Віцебская вобласць) — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні і некалькі іншых чыноўнікаў, паведамляе Генеральная пракуратура.

Суд Чашніцкага раёна прызнаў экс-дзяржслужачага вінаватым паводле ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару). Апроч пазбаўлення волі прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (22,5 тыс. рублёў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, юрыдычна значных дзеянняў, выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, на пяць гадоў.

Таксама сярод асуджаных — два прадстаўнікі прыватнага рамонтнага прадпрыемства і кіраўнік дзяржпрадпрыемства.

Першаму прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 6 арт. 16 (саўдзел у злачынстве), ч.1 арт. 427 (службовы падлог), ч. 2 арт. 431 (дача хабару) КК, другому — паводле ч. 2 арт. 431 прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2,5 года са штрафам у памеры 400 базавых велічынь (18 тыс. рублёў на сёння) кожнаму.

Кіраўніку дзяржаўнага прадпрыемства на падставе ч. 1 арт. 427 назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з выпрабавальным тэрмінам у адзін год і абавязкам заплаціць крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічынь.

Згодна з матэрыяламі справы, намеснік старшыні выканкама са студзеня па ліпень 2025 года “дзейнічаў у інтарэсах кіраўніка і былога кіраўніка прыватнага рамонтнага прадпрыемства і арганізаваў супрацьпраўнае размеркаванне бюджэтных субсідый на суму звыш 50 тыс. рублёў”. Бюджэтныя сродкі прызначаліся для пагашэння запазычанасці перад прыватнай структурай за нібыта выкананы рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі.

У прыватнасці, “фігурант даў незаконныя ўказанні кіраўнікам падпарадкаваных дзяржаўных прадпрыемстваў падрыхтаваць дакументы з заведама несапраўднымі звесткамі”. У афіцыйныя паперы ўносіліся завышаны кошт работ і паслугі, якія фактычна не аказваліся.

На падставе падробленых звестак былі праведзены фіктыўныя конкурсныя закупкі на рамонт трактара, які да таго моманту ўжо быў адрамантаваны. Пры гэтым “штучна ствараліся пераважныя ўмовы для прыватнага прадпрыемства”: устанаўліваліся заведама нерэалістычныя тэрміны выканання (два каляндарныя дні) і прадугледжвалася адмена закупак пры паступленні больш выгадных прапаноў.

За лабіраванне інтарэсаў камерцыйнай структуры былы дзяржслужачы меў намер атрымаць хабар у памеры 25 тыс. рублёў, з якіх фактычна прыняў 24 тыс. рублёў.

У судовым паседжанні ўсе абвінавачаныя віну прызналі цалкам.

Прадпрыемствы не называюцца.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

Летась самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш за 30 гадоў карупцыя так і не была пераможана.

Падзяліцца: