Мінск 14:01

Кіраўнікі прадпрыемстваў будуць асабіста адказваць за кожнага работніка з Узбекістана — Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: katemangostar / magnific.com

13 ліпеня, Позірк. Кіраўнікі прадпрыемстваў будуць несці персанальную адказнасць за кожнага нанятага работніка з Узбекістана, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць).

Паводле яго слоў, у Беларусі гатовыя прымаць на працу грамадзян гэтай азіяцкай краіны, каб закрыць патрэбы ў кадрах.

“Прынятае рашэнне пра тое, каб выпрацаваць сістэму і запрашаць у краіну людзей, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Украінцы паехалі, расіяне многія едуць да нас працаваць. Цяпер мы вялі перамовы з [прэзідэнтам Узбекістана] Шаўкатам Мірзіёевым, я яму прапанаваў. Мы маем сістэму: амбасада вызначае ў першым набліжэнні, каго можна, каго нельга. І тут кіраўнік [прадпрыемства] мае вызначыць, колькі яму трэба чалавек, па якіх спецыяльнасцях. І ён выбірае сабе”.

Разам з тым, сцвярджае ён, працэс прыцягнення працоўных мігрантаў праходзіць пад пільным кантролем, у тым ліку праз сістэму МУС. “Мы яе маем. Яна мною вызначаная. Толькі кіраўнік бярэ, і ён за іх нясе адказнасць. Парадак мае быць. Не павінна быць чохам”, — заўважыў Лукашэнка.

Таму, лічыць ён, працэс павінен ісці “выбаркова, мэтанакіравана”: “Па адным, два, дзесяць, дваццаць чалавек. Колькі каму трэба. Персанальная адказнасць. [Мае] памочнікі [ў абласцях] гэта будуць трымаць на кантролі”.

Прыязджаць у Беларусь з сем’ямі прапанаваў працоўным мігрантам з Узбекістана Лукашэнка на сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску.

“У сельскай гаспадарцы мы даём жыллё, бясплатную адукацыю, ахову здароўя — як нашым беларусам умовы. У горадзе трэба крыху пачакаць, і жыллё будзе”, — паведаміў ён.

11 красавіка 2025 года на сустрэчы ў шырокім складзе з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам Лукашэнка заявіў, што “ў Пакістане маецца вялікая колькасць людзей, якія могуць і хочуць працаваць у Беларусі”, таму “паміж кіраўніцтвам дзвюх краін дасягнутая дамоўленасць пра тое, каб забяспечыць ім гэтую магчымасць і выпрацаваць адпаведны механізм”.

На прэс-канферэнцыі па выніках перамоў Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

12 красавіка на суботніку ў Мінску, каментуючы заяву пра тое, што дзяржава гатовая прыняць да 150 тыс. працоўных мігрантаў з Пакістана, Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўленая “перш за ўсё ў прыцягненні спецыялістаў, а не проста моладзі”.

Палітык тады таксама адзначыў, што мігрантам лепш прыязджаць сем’ямі. “Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць”, — заявіў ён.

На пачатку траўня 2026 года паведамлялася, што на сайце пакістанскага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой фігуруе 332 прапановы пра працу ў Беларусі. Згодна з праведзеным Позіркам маніторынгам даных гэтай службы, на пачатку сакавіка такіх вакансій было 54, то бок за два месяцы іх колькасць павялічылася ў 6,1 раза. Некаторыя вакансіі дададзеныя заднім лікам.

Агенцтва міграцыі Узбекістана будзе падбіраць кандыдатаў на працу згодна з патрабаваннямі беларускіх наймальнікаў

9 ліпеня, Позірк. Мінск і Ташкент запусцяць "новы механізм арганізаванага працаўладкавання", паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта вынікае з падпісанага 9 ліпеня ў Мінску кіраўніком ведамства Андрэем Лабовічам і міністрам замежных спраў азіяцкай дзяржавы Бахціерам Саідавым міжурадавага пагаднення …
Падзяліцца: