Мінск 12:55

У Віцебску дрэвы, што ўпалі падчас навальніцы, пашкодзілі два аўтамабілі

Ілюстрацыйнае фота: Khamkéo / unsplash.com

13 ліпеня, Позірк. Два легкавыя аўтамабілі пашкоджаныя ў Віцебску ў выніку падзення дрэў, пацярпелых няма. Гэта адбылося 12 ліпеня, калі над вобласцю прайшоў навальнічны фронт з парывамі ветру да 16 метраў на секунду, вынікае з сутачнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле даных ведамства, у Віцебскай вобласці зафіксавана яшчэ 13 выпадкаў падзення дрэў: у Віцебскім раёне — чатыры, Гарадоцкім і Расонскім — па два, Бешанковіцкім, Лепельскім, Лёзненскім, Полацкім і Шумілінскім — па адным.

Работнікі МНС распілоўвалі і прыбіралі дрэвы, што ўпалі.

Згодна з прагнозам Белгідрамета, 13 ліпеня ў некаторых раёнах краіны і сталіцы чакаюцца навальніцы і парывісты вецер. Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

Раней МНС папярэджвала пра “фактары небяспекі” ў сувязі з непагаддзю. У прыватнасці, магчымыя “пашкоджанні (абрывы) ліній сувязі і электраперадачы, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах, узнікнення лясных пажараў”.

Акрамя таго, не выключаныя “пажары ў жылых і вытворчых будынках, зніжэнне бачнасці, цяжкасць руху транспарту, павелічэнне верагоднасці дарожна-транспартных здарэнняў, падтапленне асобных дамоў, гаспадарчых пабудоў, агародаў, сельгасугоддзяў, аўтадарог мясцовага значэння”.

Падзяліцца: