Мінск 14:00

Беларусь наведвае першы намеснік міністра абароны Азербайджана

Першы намеснік міністра абароны Азербайджана Керым Веліеў
Фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

13 ліпеня, Позірк. Першы намеснік міністра абароны Азербайджана Керым Веліеў прыбыў у Беларусь, паведаміла 13 ліпеня прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.

Адзначаецца, што ў рамках афіцыйнага візіту прадугледжаная сустрэча з кіраўніцтвам Мінабароны Беларусі і наведванне вайсковых часцей Узброеных сіл.

Вайсковая супраца Мінска і Баку фактычна ляжыць у аснове пагаршэння стасункаў Беларусі і Арменіі — яе фармальнай саюзніцы па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Прычынай стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне і перайшла пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння АДКБ, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, кіраўнік армянскага ўрада недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх – Беларусь.

Канфлікт абвастрыўся пасля інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія” ў 2024 годзе, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

Падзяліцца: