Мінск 12:56

У ЕС не маюць праводзіцца спаборніцтвы з удзелам спартсменаў з Беларусі і РФ — кіраўнік МЗС Літвы

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Архіўнае відэа: медыяслужба Еўракамісіі / стоп-кадр: "Позірк"

13 ліпеня, Позірк. “Паняцце нейтралітэту апынулася змяшаным з нармалізацыяй агрэсіі, такое нельга дазваляць”, — такім чынам міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пракаментаваў нядаўнія рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) пра зняццё абмежаванняў з Беларусі і Расіі.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі выказаўся на гэты конт 13 ліпеня ў Бруселі перад пасяджэннем Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў Еўрасаюза.

На яго думку, “допуск агрэсара да ўдзелу не з’яўляецца нармальнай, нейтральнай пазіцыяй — гэта проста наданне агрэсару магчымасці ўдзельнічаць у міжнародным жыцці, аслабленне яго міжнароднай ізаляцыі”.

“Мы будзем дамагацца асобнага абмеркавання гэтага пытання і імкнуцца да таго, каб Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне, згодна з якім аніводная дзяржава — член ЕС не праводзіла б спартыўныя спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць расійскія або беларускія спартсмены, — сказаў Будрыс. — Бо мы бачым, як увесь гэты рэжым паступова вяртаецца: спачатку культурныя мерапрыемствы — зусім нядаўна мы гэта ўбачылі на Венецыянскай біенале (Расія арганізавала свой павільён; Беларусь як дзяржава не была прадстаўленая, але быў маштабны беларускі незалежны павільён. — “Позірк”.), цяпер спартыўныя спаборніцтвы”.

“Што ж атрымліваецца — усё ў парадку, у Еўропе нічога не адбываецца? Можна вярнуцца да ранейшай практыкі? Літва кажа: не, нельга. Мы павінны цвёрда прытрымлівацца гэтай пазіцыі”, — дадаў ён.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

7 ліпеня 2026 года МАК зняў усе абмежаванні з Расіі і аднавіў у правах нацыянальны алімпійскі камітэт краіны. За два месяцы да гэтага, 7 траўня, выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, роварным спорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Пры гэтым захаваныя абмежаванні ў дачыненні да лёгкаатлетаў, тэнісістаў, біятланістаў і прадстаўнікоў іншых відаў спорту.

Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Украіны сумесна з Міністэрствам моладзі і спорту краіны і нацыянальнымі спартыўнымі федэрацыямі цягам траўня і чэрвеня 2026 года накіравалі ў міжнародныя федэрацыі 30 афіцыйных лістоў з просьбай не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі пад дзяржаўнымі сцягамі, гімнамі ды іншай нацыянальнай сімволікай.

Падзяліцца: