Мінск 16:32

Кіраўнікі прадпрыемстваў будуць асабіста адказваць за кожнага работніка з Узбекістана — Лукашэнка (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: katemangostar / magnific.com

дапоўнены 5-ы абзац, дададзеныя абзацы 6–11

13 ліпеня, Позірк. Кіраўнікі прадпрыемстваў будуць несці персанальную адказнасць за кожнага нанятага работніка з Узбекістана, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць).

Паводле яго слоў, у Беларусі гатовыя прымаць на працу грамадзян гэтай азіяцкай краіны, каб закрыць патрэбы ў кадрах.

“Прынятае рашэнне пра тое, каб выпрацаваць сістэму і запрашаць у краіну людзей, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Украінцы паехалі, расіяне многія едуць да нас працаваць. Цяпер мы вялі перамовы з [прэзідэнтам Узбекістана] Шаўкатам Мірзіёевым, я яму прапанаваў. Мы маем сістэму: амбасада вызначае ў першым набліжэнні, каго можна, каго нельга. І тут кіраўнік [прадпрыемства] мае вызначыць, колькі яму трэба чалавек, па якіх спецыяльнасцях. І ён выбірае сабе”.

Разам з тым, сцвярджае ён, працэс прыцягнення працоўных мігрантаў праходзіць пад пільным кантролем, у тым ліку праз сістэму МУС. “Мы яе маем. Яна мною вызначаная. Толькі кіраўнік бярэ, і ён за іх нясе адказнасць. Парадак мае быць. Не павінна быць чохам”, — заўважыў Лукашэнка.

Таму, лічыць ён, працэс павінен ісці “выбаркова, мэтанакіравана”: “Па адным, два, дзесяць, дваццаць чалавек. Колькі каму трэба. Персанальная адказнасць. [Мае] памочнікі [ў абласцях] гэта будуць трымаць на кантролі. Вядома, калі б усё рабілі нашы, беларусы, — добра. Але ў нас часам не хапае людзей, а часам не жадаюць працаваць. Без найму з боку працоўнай сілы мы не абыдземся”.

Кажучы пра прыцягненне мігрантаў з Узбекістана, Лукашэнка заявіў, што гаворка ідзе не толькі пра сферу беларускага аграпрамысловага комплексу. Паводле яго слоў, на перагаворах з Мірзіёевым ён выступіў з прапановай, якая “прадугледжвае шырокую супрацу ў вытворчасці прадуктаў харчавання, уключаючы інвестыцыі, з наступным экспартам ва Узбекістан”.

“Прыязджайце, апрацоўвайце зямлю, плаціце падаткі (усё як мае быць), і мы вам прадаем гэтую прадукцыю ва Узбекістан, — заявіў палітык. — Стабільны хуткарослы рынак — 40 мільёнаў чалавек. І мы гатовыя адтуль узяць людзей. Кажу [Мірзіёеву]: калі ласка, укладвай у Віцебскую вобласць — мы шукаем інвестара”.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты ў сваю чаргу заявіў, што прэзідэнт Узбекістана “таксама будзе трымаць пытанне на кантролі”: “Мірзіёеў даў каманду пасля сустрэчы з вамі, што ён кантралюе, хто паедзе. І будуць толькі спецыялісты”.

Паводле слоў Крутога, цяпер “на ўліку ў Беларусі” стаіць 7 тыс. грамадзян Узбекістана, частка з іх “ужо працуе ў эканоміцы”. У той жа час “вялікая колькасць студэнтаў” з Узбекістана навучаецца ў ВНУ Беларусі, існуе верагоднасць, што “многія з іх у выніку застануцца працаваць” у краіне.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь “ужо мае пазітыўны досвед прыцягнення працоўных мігрантаў, якія добрасумленна робяць сваю працу”. Для такіх людзей, падкрэсліў ён, “трэба стварыць належныя ўмовы для жыцця — падабраць жыллё, надаць роўныя правы з беларускімі грамадзянамі”: “Толькі прыязджайце і працуйце”.

“Гэтага баяцца не трэба, але гэта будуць пастаянна разаграваць [апаненты]”, — заявіў ён, кажучы пра працоўную міграцыю з-за мяжы.

Прыязджаць у Беларусь з сем’ямі прапанаваў працоўным мігрантам з Узбекістана Лукашэнка на сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску.

“У сельскай гаспадарцы мы даём жыллё, бясплатную адукацыю, ахову здароўя — як нашым беларусам умовы. У горадзе трэба крыху пачакаць, і жыллё будзе”, — паведаміў ён.

11 красавіка 2025 года на сустрэчы ў шырокім складзе з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам Лукашэнка заявіў, што “ў Пакістане маецца вялікая колькасць людзей, якія могуць і хочуць працаваць у Беларусі”, таму “паміж кіраўніцтвам дзвюх краін дасягнутая дамоўленасць пра тое, каб забяспечыць ім гэтую магчымасць і выпрацаваць адпаведны механізм”.

На прэс-канферэнцыі па выніках перамоў Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

12 красавіка на суботніку ў Мінску, каментуючы заяву пра тое, што дзяржава гатовая прыняць да 150 тыс. працоўных мігрантаў з Пакістана, Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўленая “перш за ўсё ў прыцягненні спецыялістаў, а не проста моладзі”.

Палітык тады таксама адзначыў, што мігрантам лепш прыязджаць сем’ямі. “Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць”, — заявіў ён.

На пачатку траўня 2026 года паведамлялася, што на сайце пакістанскага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой фігуруе 332 прапановы пра працу ў Беларусі. Згодна з праведзеным “Позіркам” маніторынгам даных гэтай службы, на пачатку сакавіка такіх вакансій было 54, то бок за два месяцы іх колькасць павялічылася ў 6,1 раза. Некаторыя вакансіі дададзеныя заднім лікам.

Агенцтва міграцыі Узбекістана будзе падбіраць кандыдатаў на працу згодна з патрабаваннямі беларускіх наймальнікаў

9 ліпеня, Позірк. Мінск і Ташкент запусцяць "новы механізм арганізаванага працаўладкавання", паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта вынікае з падпісанага 9 ліпеня ў Мінску кіраўніком ведамства Андрэем Лабовічам і міністрам замежных спраў азіяцкай дзяржавы Бахціерам Саідавым міжурадавага пагаднення …

Лукашэнка ўсклаў на наймальнікаў адказнасць за працоўных мігрантаў

21 траўня, Позірк. Указ "Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі", які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў, падпісаў 21 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба. Адзначаецца, што "для ўзмацнення патрабаванняў да прыцягнення замежнай працоўнай сілы, за выключэннем грамадзян дзяржаў …
Падзяліцца: